Прыхаджане дапамаглі цяжкахвораму святару вярнуцца з Палерма ў Мінск
Айцец Андрэй Парфенчык, фота: facebook.com
Цяжкахворы настаяцель праваслаўнай царквы ў Палерма, мінчанін айцец Андрэй Парфенчык, вярнуўся з Італіі ў Беларусь. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісала аглядальніца "Новай газеты" Ірына Халіп.
"Сябры, я хачу папрасіць у вас дапамогі вельмі добраму чалавеку. Яго завуць Андрэй Парфенчык. Айцец Андрэй. Калі мы пазнаёміліся, ён быў пробашчам парафіі ў Клецку. Было лета 2011 года, мяне толькі выпусцілі з-пад варты, мужа этапавалі ў калонію. І неяк вечарам мне патэлефанаваў айцец Андрэй. Я спачатку не магла зразумець, навошта спатрэбілася клецкаму святару, калі не маю дачынення да праваслаўя. А ён тэлефанаваў проста падтрымаць. ён маліўся за палітвязняў разам са сваімі прыхаджанамі ў храме. Прывозіў мне фермерскую гародніну і садавіну ад сваіх прыхаджан. Пасля нашых вечаровых тэлефонных размоваў я разумела, што ў мяне з'явіўся выдатны сябар, які добраахвотна ўзяў на сябе яшчэ і функцыю псіхатэрапеўта. Без яго мне было б значна цяжэй справіцца з тагачасным кашмарам".
Восенню 2018 года італьянскія дактары паставілі айцу Андрэю дыягназ — адэнакарцынома ў падстраўнікавай залозе, 4-я стадыя. Спецыялісты клінікі Ospidale Civico зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць святару жыццё, але апошнім часам маглі толькі палягчаць пакуты хворага. Сям'я Андрэя Парфенчыка вырашыла перавезці яго на радзіму, у Беларусь, каб працягнуць лячэнне ў рэспубліканскім анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах.
На мінулым тыдні супольнасць "Беларусы ў Італіі" пачала збор сродкаў на транспартаванне айца Андрэя ў Мінск. Перавозка была ацэненая ў 5000 еўра. Італьянская медыцынская страхоўка не магла пакрыць выдаткі, а магчымасці аформіць беларускую страхоўку ўжо не было.
Патрэбную суму сабралі за пяць дзён. 1 сакавіка айцец Андрэй вярнуўся ў Мінск. Рэанімабіль ад трапа самалёта да бальніцы аплаціла Мінская епархія БПЦ. Цяпер усе выдаткі па лячэнні святара ляжаць на яго маці-пенсіянерцы. Ірына Халіп заклікае ахвотных дапамагаць жанчыне змагацца за жыццё сына і далей.
Нумар банкаўскай карткі:
Belgazprombank mastercard
5299 2299 1721 0340
сапраўдная да 09/23
TATIANA PARFENCHYK