Прыродны феномен у Чавусах: ледзяное кола на рацэ, якое круціцца
У Чавусах назіралі рэдкую прыродную з’яву: ідэальна роўнае ледзяное кола на рацэ, якое круцілася. Відэа, на якім зафіксаваная з’ява, зрабілі чытачы партала TUT.by.
Такія ледзяныя колы ўтвараюцца на рэках з павольным віхравым цячэннем. Калі ў яго трапляе кавалак ледзянога покрыву, то пачынае круціцца. Падчас кручэння краі абточваюцца аб навакольны лёд і атрымліваецца правільнае кола, часам вельмі вялікіх памераў.
Напрыклад, у 1999 годзе на возеры Байкал знайшлі ледзяное кола дыяметрам у некалькі кіламетраў.
Часцей за ўсё гэты прыродны феномен назіраўся ў Скандынавіі, Паўночнай Амерыцы, таксама ледзяныя колы бачылі ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне і ў Расіі. Цяпер з’яву зафіксавалі і ў Беларусі.