Пскоўскую вобласць Расіі "засыпалі" кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі
Пскоўскую вобласць Расіі "засыпалі" кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі. Беларусы іх вязуць у асноўным у Санкт-Пецярбург і ў Латвію. Інфармацыя пра затрыманне гэтай кантрабанды рэгулярна з'яўляецца як на сайце пскоўскай мытні, так і ў мясцовых СМІ.
У пачатку кастрычніка супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы спынілі ў Пскове мікрааўтобус "Газель", які ехаў з Беларусі ў Санкт-Пецярбург. У ім знайшлі 95 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасці. Дакументаў на груз у кіроўцы не было.
Праз тры дні ў тым жа Пскове спынілі мікрааўтобус Mercedes, які ехаў з Беларусі па тым жа маршруце. У ім везлі каля 90 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт. Груз канфіскаваны, праводзіцца праверка, інфармуе pln-pskov.ru.
Праз Пскоўскую вобласць кантрабанда ідзе і ў Латвію. Як паведамляе прэс-служба Паўночна-Заходняга мытнага ўпраўлення, расійскія мытнікі злавілі з кантрабандай грамадзяніна Беларусі. Ён ехаў у ЕС на мінівэне Volkswagen Caravelle. У бакавых сценках знайшлі схаваныя цыгарэты. Мытнікі налічылі больш за 1300 пачкаў з акцызнымі маркамі РБ. Праводзіцца расследаванне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.