Птушкай 2019 года стаў самы рэдкі драпежнік у Еўропе

Фота: ptushki.org
Фота: ptushki.org

Арнітолагі выбралі птушку 2019 года, ім стаў вялікі падворлік,  паведамляе "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Нягледзячы на ​​тое, што гэтая птушка — адзін з самых рэдкіх драпежных відаў у Еўропе, адна з найбольшых яе папуляцый гняздуецца якраз у Беларусі. У беларускіх лясах жыве 12-150 пар вялікага падворліка — больш, чым ва ўсім Еўрасаюзе.

Вялікі падворлік любіць глухія месцы на балотах і каля балот і вельмі баіцца людзей.

"Вялікаму падворліку пагражае шмат фактараў: знікненне нізінных балот — галоўных месцаў пражывання гэтай птушкі, набліжэнне людзей у гнездавы перыяд: калі нехта ў гэты час будзе хадзіць пад гняздом, вялікі падворлік яго кіне. Будаўніцтва дарог на Альманскіх балотах, збор ягад на гнездавых участках — гэта ўсё негатыўныя фактары. Таксама пагрозу нясе памяншэнне разнастайнасці відаў ахвяр у месцах палявання падворліка — кулікоў, качак. Гэта агульная тэндэнцыя па ўсім Палессі", — распавёў Валерый Дамброўскі, каардынатар праекта па ахове вялікага падворліка.

Вялікі падворлік ўжо паляцеў на поўдзень. У мінулым годзе спецыялісты АПБ прымацавалі перадатчыкі на 8 падворлікаў. За іх міграцыяй і перасоўваннямі на зімоўцы ў Грэцыі і Афрыцы можна сачыць на карце ptushki.org/eagle.

Нацыянальную кампанію "Птушка года" АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі, іх праблем і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць. Увесь наступны год будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму падворліку, да якіх змогуць далучыцца дарослыя і дзеці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі