Пытанні пра сямейны статус пры ўладкаванні на працу — дыскрымінацыя
У часы крызісу і падзення ўзроўню заробкаў пошук працы становіцца ўсё больш актуальным для многіх беларусаў. З якой дыскрымінацыяй вы можаце сутыкнуцца на сумоўі і як абараніць свае правы, Еўрарадыё распавядае старшыня праўлення Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Гендэрныя перспектывы” Ірына Альхоўка.
“У нас, на жаль, гендэрна-спецыфічны рынак працы, дзе і дагэтуль існуе падзел на “мужчынскія” і “жаночыя” прафесіі. І хоць гэта ўжо атавізм, але досыць часта, калі, напрыклад, мужчына, спрабуе ўладкавацца на вакансію, якая традыцыйна лічыцца “жаночай”, хутчэй за ўсё, ён атрымае адмову, — распавядае Ірына. — Вось вы многа ведаеце мужчын-выхавацеляў у Беларусі? Я, прынамсі, толькі аднаго. Не думаю, што гэта адзіны мужчына, які захацеў працаваць у дзіцячым садку. Іх нашмат болей, але праз стэрэатыпы яны вымушаныя былі адмовіцца ад гэтага. Хто сказаў, што толькі жанчына можа ўдала даглядаць дзяцей?”
Па словах Ірыны Альхоўкі, пытанні пра сямейны статус на сумоўі пры ўладкаванні на працу — гэта дыскрымінацыя. Тое ж можна аднесці і да патрабаванняў да знешняга выгляду. Больш за тое, практыка паказвае, што пытанні пра сям'ю і дзецях задаюць толькі жанчынам, сямейны статус мужчын, як правіла, працадаўцаў не хвалюе:
“Згодна з беларускім Законам аб занятасці, забараняецца ўказваць ўзроставыя межы, пол ці сямейны статус у аб’яве пра вакансію. Гэта лічыцца дыскрымінацыйным і незаконным. Вельмі карысна зазірнуць у Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых, дзе прапісаныя патрабаванні да той ці іншай прафесіі, тады будзе лягчэй апеляваць, калі вам будуць адмаўляць ва ўладкаванні. Маўляў, нам патрэбная толькі моладзь, толькі мужчыны ці іншае”.
Ірына не раіць сядзець моўчкі, калі вы, на вашу думку, сутыкнуліся з фактам дыскрымінацыі. Можна звярнуцца па кансультацыю ў Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы і яго абласныя і раённыя структурныя падраздзяленні ці напісаць адпаведную заяву ў пракуратуру:
“Нават у такой прасунутай у сферы гендэрнай роўнасці краіне, як Швецыя, ніхто да вас не прыйдзе і не скажа: “Вашы правы парушаюцца, мы хочам вас абараніць!” У першую чаргу, гэта ваша асабістая справа. Вельмі важна, каб вы знайшлі іншых людзей, якія таксама сутыкнуліся з дыскрымінацыяй, калі спрабавалі ўладкавацца на тую ж вакансію, што і вы. Тады яны маглі б выступіць сведкамі па гэтай справе ў судзе. Ёсць і такое паняцце, як рэпутацыя, таму многія працадаўцы будуць імкнуцца вырашыць усё мірным шляхам, каб не пляміць сябе тым, што яны кагосьці дыскрымінуюць”.
Ірына Альхоўка дадае, што вельмі карысна загадзя даведацца, якія цяпер заробкі ў вашай працоўнай сферы:
“Ніколі не прыходзьце на сумоўе быццам усё ужо вырашана.Трэба ўмець весці перамовы і правільна сябе прэзентаваць. Імкніцеся загадзя падрыхтаваць абгрунтаванне, чаму вы заслугоўваеце менавіта такі заробак: добрая адукацыя, вялікі досвед працы, удзел у конкурсах, валоданне замежнымі мовамі. Я таксама часам бяру інтэрв’ю ў людзей, якія прыходзяць уладкоўвацца да нас на працу. Мяне, па шчырасці, вельмі здзіўляе, што многія з іх зусім не падрыхтаваныя да пытання пра заробак, які яны хочуць мець. А гэта ж аснова! У нас былі выпадкі, калі мы прапаноўвалі меншую аплату паслуг, бо чалавек з самага пачатку прэтэндаваў на меншае, але былі і адваротныя сітуацыі, калі мы, каб утрымаць перспектыўнага кандыдата, пагаджаліся плаціць яму болей. Другое, што мяне вельмі здзіўляе падчас сумоўяў — многія кандыдаты не здольныя адэкватна ацэньваць свае здольнасці і паспяхова манетызаваць іх. Асабліва гэта тычыцца жанчын. Яны саромеюцца агучваць свае прафесійныя дасягненні, а поспех больш схільныя прыпісваць знешнім фактарам, а не сваім здольнасцям”.
Прычыну гэтага Ірына Альхоўка бачыць у гендэрных стэрэатыпах, што існуюць у нашым грамадстве: кар’ера — гэта мужчынская справа, калі ж ты жанчына і пойдзеш тым жа шляхам, то страціш “жаноцкасць”, пачнуцца праблемы ў асабістым жыцці. Да таго ж, працадаўцы схільныя ацэньваць працу жанчын ніжэй, чым мужчын:
“Гэта прывяло да таго, што жанчыны на той жа пасадзе, што і мужчыны, зарабляюць менш. У нашай краіне розніца можа даходзіць да 25 адсоткаў. Жанчынам часта вельмі некамфортна і боязна агучваць памер заробка, які б яны хацелі атрымліваць, прасіць надбаўку ці прэмію ў кіраўніцтва. Мужчыны, у гэтым сэнсе, лепш “гандлююцца” з працадаўцам. Што і казаць, калі нават ў такіх традыцыйна “жаночых” для нашай краіны сферах, як адукацыя, ахова здароўя, турызм, кіруючыя пасады ў большасці займаюць мужчыны. Большасць жанчын заплюшчваюць на гэта вочы і падаюць сябе, як больш танную працоўную сілу. У іх асноўная мэта не абараніць свае правы, а атрымаць працу, якая будзе карміць іх і дзяцей”.