Рабочыя “Палімера” ў Лунінцы дамагліся бяспечных умоваў працы
Рабочыя прадпрыемства "Палімер" у Лунінцы адстаялі свае правы на бяспечныя ўмовы працы. Як піша праваабарончы сайт "Вясна", раней адміністрацыя прадпрыемства ігнаравала патрабаванні рабочых па выкананні заканадаўства аб ахове працы. Гэта стварала пагрозу жыццю і здароўю работнікаў.
У выніку рабочыя напісалі калектыўны зварот у пракуратуру Брэсцкай вобласці. Тая прызначыла праверку і стварыла працоўную групу з прыцягненнем спецыялістаў дзяржаўных кантрольных органаў. Праверка выявіла, што пасля рэканструкцыі будынак склада гатовай прадукцыі на “Палімеры” выкарыстоўваўся не паводле мэтавага прызначэння. Пракуратура таксама прызнала слушнымі прэтэнзіі рабочых наконт парушэнняў заканадаўства аб працы, санітарна-эпідэміялагічнага і прыродаахоўнага заканадаўства.
Пракурор Лунінецкага раёна прыцягнуў да дысцыплінарнай адказнасці восем службовых асобаў з адміністрацыі прадпрыемства. Акрамя таго, кіраўніцтву “Палімера” загадана ў сціслы тэрмін ліквідаваць парушэнні заканадаўства, выяўленыя падчас праверкі.
Фота: sch111.minsk.edu.by