Работніцы маладзечанскага салона сувязі прыўлашчылі 4000 рублёў

Работніцы маладзечанскага салона сувязі прыўлашчылі 4000 рублёў

Дзве работніцы салона сувязі ў Маладзечне сталі фігуранткамі крымінальнай справы за прыўлашчванне грошай, піша прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама.
 
Гэта 21-гадовая дзяўчына з Маладзечна і 19-гадовая жыхарка Вілейкі. Адна працавала старшым адміністратарам салона мабільнай сувязі, другая — прадаўцом-кансультантам.

Напрыканцы мінулага года дзяўчаты набылі сабе мабільнікі P20 Lite — прыкладна па 600 рублёў кожны, аформіўшы ў салоне крэдыт. Але хутка ім глянуліся новыя гаджэты — апошні iPhone. Разам з аксэсуарамі адзін такі смартфон каштаваў каля 2000 рублёў. Абедзве аформілі па айфону ў растэрміноўку. У выніку ў работніц салона ўтварылася значная пазыка. 

Каб разабрацца з ёй і не аддаваць свае грошы, дзяўчаты прыдумалі махлярскую схему. У базе даных яны адзначалі, што нібыта аплочвалі крэдыт наяўнымі грашыма, хаця фактычна грошы ў касу не клалі. З часам у салоне ўтварылася недастача. Каб схаваць яе, сяброўкі прадалі 9 мабільнікаў без касавага чэка, а атрыманыя грошы паклалі ў касу салона для пагашэння недастачы. 

Акрамя таго, абедзве неаднаразова залазілі ў касу салона, каб узяць грошы на асабістыя патрэбы. 

Жыць за чужыя грошы дзяўчатам удавалася 9 месяцаў, а потым прыехалі сталічныя рэвізоры, каб правесці інвентарызацыю. Яны і выявілі недахоп 9 мабільнікаў агульным коштам больш за 3000 рублёў, а ў касе недалічыліся каля 900 рублёў. Агулам кампанія ацаніла шкоду ў 4000 рублёў.

За махінацыі сяброўкам пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі