Раптоўна: у Беларусі самы нізкі ўзровень смяротнасці ад COVID-19 у Еўропе
ПЛР-тэст на каранавірус / Reuters
Беларуская статыстыка па каранавірусе працягвае здзіўляць і выклікаць сумневы. І калі пастаянныя скачкі выяўленых выпадкаў у Мінздароўя прыдумалі тлумачыць "хвалепадобным плато", то назваць прычыны фантастычна нізкай смяротнасці ніхто часу не знайшоў.
Паводле звестак Johns Hopkins University, узровень смяротнасці ад COVID-19 у Беларусі складае 0,7%. Па гэтым паказчыку краіна з'яўляецца лідарам на кантыненце. Як так?
Смяротнасць як у Батсване
0,7% — гэта так званая case-fatality, гэта значыць працэнт смерцяў ад выяўленых выпадкаў заражэння. Калі лічыць памерлых ад каранавіруса на 100 тысяч насельніцтва ў цэлым, то будзе 18,99 — таксама досыць нізкі паказчык.
Самае цікавае ў выпадку з case-fatality: на такім самым узроўні, як у Беларусі, ён толькі на Кіпры, крыху ніжэй — у Ісландыі, трохі вышэй — у Нарвегіі. І гэта наўрад ці гаворыць пра поспехі сістэмы аховы здароўя. Тлумачым чаму.
Пачнём з таго, што ў гэтых краінах зусім іншая шчыльнасць насельніцтва: у Ісландыі яна ў 15 разоў ніжэйшая, чым у Беларусі, а ў Нарвегіі — у тры разы ніжэйшая. З Кіпрам крыху іншая сітуацыя: выпадкаў каранавіруса там выяўлена адносна няшмат, у тым ліку адсюль і невысокі паказчык.
Можаце слушна адказаць: гаварыць пра шчыльнасць насельніцтва можна толькі ў кантэксце смяротнасці на 100 тысяч, але гэта не зусім так. Шчыльнасць насельніцтва ўплывае не толькі на хуткасць патэнцыйнага распаўсюджвання віруса, але і, потым, на нагрузку на сістэму аховы здароўя. У краінах з высокай шчыльнасцю насельніцтва і каранавірус распаўсюджваецца хутчэй, і смяротнасць ад яго больш прыкметная — па вышэйназваных умовах.
У сусветным жа рэйтынгу суседзі Беларусі па case-fatality — такія краіны, як Уганда, Батсвана (краіна ў Паўднёвай Афрыцы) і Куба. Як думаеце, ці можна лічыць статыстыку па каранавірусе ў гэтых краінах карэктнай? Вось і адказ.
Сярод развітых краін побач у рэйтынгу Ізраіль, аднак гэта можа быць станоўчым выключэннем, бо ізраільская медыцына — адна з найлепшых у свеце.
Для параўнання: у ЗША паказчык смяротнасці ад колькасці выяўленых выпадкаў — 1,7% (пры гэтым 143 на 100 тысяч насельніцтва), у Расіі — 1,9% (53 на 100 тысяч насельніцтва ў цэлым), у Германіі — 2,7% (76 на 100 тысяч), а ў Венгрыі — 3,5% (135 на 100 тысяч).
Цудоўная статыстыка
Еўрарадыё ўжо падрабязна расказвала пра пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з беларускай статыстыкай па каранавірусе ў цэлым.
Не так даўно мы атрымалі дакументы, якія сведчаць пра тое, што толькі ў Віцебску за 2020 год памерла амаль на 2,5 тысячы чалавек больш, чым у 2019-м. Гэта пры тым, што афіцыйна ад каранавіруса ў краіне памерла за год 1424 чалавекі.
Пра прыкметны рост смяротнасці сведчаць і звесткі шэрагу загсаў, якія ёсць у распараджэнні рэдакцыі. Гэта значыць, можна гаварыць пра тое, што ў Беларусі ў 2020 годзе памірала куды больш людзей, чым звычайна. Здавалася б, пры чым тут каранавірус.
Магчыма, у гэтым і ёсць адказ на пытанне пра такі нізкі каэфіцыент смяротнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.