Расія зноў пагражае зменшыць пастаўкі нафты ў Беларусь

Міністэрства энергетыкі Расіі лічыць магчымым зменшыць пастаўкі нафты ў Беларусь з-за невыканання ёю абавязанняў па пастаўках нафтапрадуктаў. Такую заяву зрабіў расійскі міністр энергетыкі Аляксандр Новак. Гэтае пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца.

Паводле Новака, трэба скарэктаваць пастаўкі нафты ў бок змяншэння, бо беларускія НПЗ не выконваюць абавязанняў, прапісаных у пагадненні. Праўда, на які тэрмін могуць скараціцца пастаўкі, расійскі міністр не кажа, інфармуе РИА Новости.

Паводле пагаднення паміж Беларуссю і Расіяй, у выпадку зніжэння паставак у Расію бензіна з Беларусі болей як на 10% ад аб’ёмаў, прадугледжаных графікам, расійскі бок мае права знізіць у адказ пастаўкі сыравіны. Раней расійскае энергетычнае ведамства заяўляла, што разгледзіць гэтае пытанне ў чэрвені.

У 2015 годзе беларускі бок павінен быў атрымаць 23 мільёна тон расійскай нафты і паставіць расіянам 1,8 мільёна тон аўтамабільных бензінаў.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі