Расіянка ў Гомелі гандлявала наркотыкамі праз сацсеткі
27-гадовую жанчыну злавілі пасля продажу ўпакоўкі феназепама.
Праваахоўнікі затрымалі 27-гадовую грамадзянку Расіі, якая жыла ў Гомелі. Як інфармуе БЕЛТА, на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы жанчына стварыла інтэрнэт-краму. Праз інтэрнэт яна прапаноўвала набыць лекавыя прэпараты.
Міліцыянты выявілі, што 17 сакавіка жанчына прадала ўпакоўку лекаў на 50 таблетак агульнай масай 7,5 г. У гэтых леках было небяспечнае псіхатропнае рэчыва — феназепам.
Дома ў жанчыны знайшлі яшчэ 400 аналагічных таблетак. Яе затрымалі і пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На расіянку пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў. Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Феназепам быў створаны ў Савецкім саюзе ў сямідзесятых гадах мінулага стагоддзя. Прэпарат аказвае снатворнае, супрацьсутаргавае і міярэлаксантнае ўздзеянне. У чыстым выглядзе наркотык здольны выклікаць пачуццё дрымотнасці, эйфарыі, прыліў станоўчых эмоцый або наадварот прывесці да моцнай агрэсіі, пачуцця ўзлаванасці.
Фота — ru.tsn.ua