Расійскі палітолаг: Мы ўвайшлі ў эпоху “Перабудовы-2”

111222 ByalkouskiS.mp3

Еўрарадыё: Людзі ў Беларусі слаба ўяўляюць, што такое несістэмная апазіцыя ў Расіі. Хто гэта?

Бялкоўскі: Галоўнае тое, што з’яўляецца цяперашнім рухавіком ураду Расіі, а гэтым рухавіком з’яўляецца гарадскі адукаваны клас – рускія адукаваныя гараджане, якія адмовіліся падтрымліваць цяперашнюю ўладу і палітычную сістэму. Цяпер гэты рух адбываецца знізу – ён не кіруецца зверху і не дапасаваны да канкрэтных лідараў.

Еўрарадыё: А які працэнт складаюць гэтыя “сярдзітыя гараджане”, як іх называюць, які іх патэнцыял?

Бялкоўскі: Не менш за 30%. Але гэта не мае вялікага значэння, бо менавіта гэтыя людзі вызначаюць усе сацыяльныя і палітычныя працэсы не толькі ў цяперашняй Расіі, а і з пачатку індустрыяльнай эпохі ва ўсім свеце – гэта пытанне не пра колькасць, а пра якасць.  А тое, што de facto “Адзіная Расія” атрымала менш за трыццаць працэнтаў галасоў на думскіх выбарах – гэта кажа пра тое, што выбарцы так ці інакш супраць яе.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што не так важна, якога лідара абяруць грамадзяне. Хацелася б разумець, сярод каго выбіраць. Якія варыянты існуюць фарміравання гэтага лідара?

Бялкоўскі: У мяне ёсць свае меркаванні на гэты конт, якія не з’яўляюцца абсалютнымі – гэта толькі мае меркаванні і не больш за тое. Мне здаецца, што трэба перайсці ад парадыгмы “правадырызму” да парадыгмы “каманднасці” – гэта вельмі важна для сучаснай Расіі. Мы не павінны верыць у правадыра, які прыйдзе развязаць усе праблемы,  мы павінны верыць, што будзе каманда, якая будзе празрыстая ў дачыненні да ідэалогіі і матывацыі. Я лічу, што лідарам такой каманды павінна быць жанчына, бо гэта злагодзіць саму ўладу ў Расіі – мы стаміліся ад брутальнасці, мы стаміліся ад таго, што нехта ўвесь час хоча ўжыць гвалт. Дазволю сабе сказаць, што лідарам такой каманды я ў’яўляю сённяшнюю дэпутатку партыі “Справядлівая Расія” Аксану Дзмітрыеву. Таксама побач з ёю я бачу такія фігуры, як Аляксей Навальны ды іншы дэпутат ад “Справядлівай Расіі” Ілля Панамароў. Мне здаецца, што гэтыя тры асобы маглі б скласці аснову будучай каманды.

Еўрарадыё: Мы не можам, мабыць, не праспрабаваць праецыраваць і параўноўваць сітуацыю ў Расіі з тым, што адбываецца ў Беларусі. Аб’яднанне – гэта найбольш прыкрая тэма для ўсёй беларускай апазіцыі. Нашым апазіцыянерам вельмі цяжка аб’яднацца пад якой-колечы ідэяй – мы бачылі гэта на апошніх выбарах. І наогул выбараў, на якіх быў бы прадстаўлены адзін кандыдат ад апазіцыі, ў Беларусі не было. Таксама ж узнікаюць праблемы пры арганізацыі мітынгаў. У Расіі таксама гэтыя праблемы ўзнікалі. Ці ёсць у Расіі патэнцыял аб’яднання пад адною ідэяю пераходу Расіі да еўрапейскай сістэмы ўлады?

Бялкоўскі: На аб’яднанне гатовыя далёка не ўсе. Праводзяцца нейкія трансляцыі ў інтэрнэце паседжанняў камітэту дэманстрацыі, дарма што гэтага камітэту ніхто не прызначаў, ён з’яўляецца самазваным. Але гэта не мае ніякага значэння: той хто захоча перамагчы, будзе ўдзельнічаць у супольнай справе, той хто захоча прайграць – ад яе аддзяліцца. Працэс цяпер набірае сілу незалежна ад амбіцый канкрэтных фізічных асобаў, і гэта вельмі важна і спажытачна для палітычнай сістэмы Расіі. Упершыню рускі адукаваны гараджанін адчуў сябе суб’ектам палітыкі, часткаю тае масы, якая робіць гісторыю, а не проста пацуком, што шыбуе за лаўцом, які грае на дудцы.

Еўрарадыё: Цяпер нават Уладзімір Пуцін адказвае на пытанні адносна сітуацыі, чаго раней мы не назіралі. Адкрыта выказваюцца абвінавачванні ў ягоны бок. Дзе будзе мяжа, і ці бяспечная гэтая гульня, якая цяпер вядзецца?

Бялкоўскі: Гэта вельмі небяспечная гульня, і яна прывядзе да краху сістэмы – я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. З дакладнасцю ўзнаўляецца сцэнар 80-ых гадоў: Міхаіл Гарбачоў не хацеў нішчыць тагачаснай сістэмы. Ён нават не хацеў яе ў вялікай ступені рэфармаваць. Ён хацеў захаваць гэтую сістэму шляхам частковага, збольшага сімулятыўнага рэфармавання. Але гэта прывяло чыста да адваротнага выніку – грамадства страціла давер да Гарбачова. Тое самае адбываецца і ў Расіі. Актыўная частка грамадства страціла давер да Пуціна і Мядзведзева незваротна: што б яны ні рабілі – гэтага даверу ўжо не вернеш. Спробы сімулятыўнай дэмакратызацыі прывялі да таго, што ўся цяперашняя сістэма карумпаванага аўтарытарызму разлезецца ў незабаўнай прышласці. Мы ўвайшлі з дакладнасцю ў эпоху “перабудовы 2”, але найвышэйшае кіраўніцтва краіны гэтага банальна не разумее, знаходзячыся ў сваім інфармацыйным капшуку, ўпэўненае ў бясконцасці сваёй улады ў часе і прасторы.

Еўрарадыё: Ці няма небяспекі таго, што, згуляўшы ў рэфармаванне сістэмы, часткова “выпусціўшы пару”, расійскія ўлады пойдуць шляхам Беларусі ў дачыненні да тэрмінаў прэзідэнцтва, кантролю народных хваляванняў, інфармацыі і г. д.?

Бялкоўскі: Ёсць такі дзеяч як Сяргей Шнураў і дарма, што ён не палітолаг, але сфармуляваў адказ на гэтае пытанне лепш, як мог бы яго сфармуляваць я. Ён сказаў, што не можна закручваць шрубы, калі ўсе ніты ўжо пакралі. Праўда, замест слова “пакралі” ён ужыў больш тыповы для яго дзеяслоў, але я не буду цяпер яго ўзнаўляць у эфіры. У такой карумпаванай сістэме, якая існуе ў Расіі, ніякага сістэмнага гвалту быць не можа, бо ў гэтым ніхто не зацікаўлены – усе  хочуць забяспечыць свае кар’еры, абратаваць свае грошы. У Беларусі ж іншы тып рэжыму – гэта жорсткі персаналісцкі аўтарытарны рэжым, які грунтуецца на Аляксандра Лукашэнку, і Лукашэнка пойдзе да канца, баронячы сваю ўладу. Расійскія эліты да такога не гатовыя, не былі гатовыя і не будуць гатовыя.

Еўрарадыё: Мы закранулі пытанне пра Беларусь. Як усе ўнутраныя палітычныя цяжкасці, што ўзніклі ў Расіі, могуць паўплываць на беларуска-расійскія адносіны падчас гэтых цяжкасцяў, і ці зменіцца падыход Расіі да Беларусі, калі да ўлады ў Расіі прыйдуць прадстаўнікі цяперашняй апазіцыі?

Бялкоўскі: Пакуль рана казаць, што тады станецца. Шлях да гэтага яшчэ доўгі. Важна, што ён пачаты. Ясна, што мы ўвайшлі ў перыяд “перабудовы”. Цяперашнія адносіны з Беларуссю – гэта асабістыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнка вызначыў сваю лінію паводзінаў – ён не стратэг, а тактык. Калі яму трэба нейкія саступкі ад Расіі – ён гуляецца з Захадам, калі трэба саступкі ад Захаду – ён гуляецца з Расіяю, каб потым размяняцца. Думаю, што таксама ён будзе дзейнічаць і далей. Апошнія гады афіцыйная Масква не падтрымлівала Лукашэнкі і нават з Крамлю даносіліся крыкі, што, маўляў, калі што, то мы Лукашэнку проста спарадкуем. Але ўсе аналітыкі добра ведалі, што Крэмль не мае такіх рэсурсаў, каб Лукашэнку спарадкаваць. Таму гэтыя крыкі не рабілі істотнага ўплыву на тое, што адбываецца, як і на самога Аляксандра Рыгоравіча. Палітыка будзе залежаць ад актуальнай кан’юнктуры на той момант, калі ўлада ў Расіі зменіцца, але сама змена палітычнай сістэмы ў Расіі не будзе азначаць аўтаматычных кардынальных палітычных зменаў у Беларусі, таксама як крах савецкай сістэмы не прывёў да крах залежных ад СССР рэжымаў, такіх як кубінскі, карэйскі – яны дажылі да нашых дзён. Гэта не адназначна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі