Расійскі спецназавец перапраўляў в'етнамцаў праз беларускую мяжу
Памежнікі затрымалі яго, двух памочнікаў і 12 нелегальных мігрантаў з В'етнама.
Спецназ Дзяржаўнага памежнага камітэта перакрыў канал незаконнай міграцыі ў краіны Еўрасаюза, паведамляе БелаПАН.
Па словах прэс-сакратара Памежнага камітэта Аляксандра Цішчанкі, 30 снежня ў Гродзенскім раёне памежнікі затрымалі арганізатара канала, двух яго памочнікаў і 12 незаконных мігрантаў з В'етнама. Нелегальныя мігранты хацелі трапіць у Літву.
Па звестках памежнікаў, да мяжы в'етнамцаў на розных машынах даставілі два памочнікі правадніка — ураджэнцы Узбекістана і Азербайджана. Праз мяжу з Літвой іх збіраўся даставіць сам арганізатар, грамадзянін Расіі, ураджэнец Чачні. Мужчына меў досвед службы ў спецпадраздзяленнях, пра што сведчыла яго сур'ёзная экіпіроўка.
Фота — prigranice.by