Расійскі "залаты хлопчык" распавёў, як прайсці беларуска-польскую мяжу без чаргі

Расійскі "залаты хлопчык" распавёў, як прайсці беларуска-польскую мяжу без чаргі

У пачатку жніўня 2017 года скандальны расійскі відэаблогер Рыгор Мамурын (Gregory Goldsheid) спрабаваў правезці з Беларусі ў Польшчу кантрабандны бензін. Нечакана для себя каманда Мамурына затрымалася на беларуска-польскай мяжы. Кожны беларус з дзяцінства ведае, што там стаяць шалёныя чэргі, але для хлопцаў з Масквы гэта стала сюрпрызам.

Схаванай камерай сябры Мамурына знялі мужчыну, які падыйшоў да машыны і прапанаваў за грошы дапамагчы аб'ехаць чаргу і стаць перад самым уездам на пункт пропуска. Іншая жанчына на відэа прапаноўвала тыя ж паслугі "за 6 тысяч рублёў". Хлопцам гэта падалося задорага, і яны не пагадзіліся, у выніку адстаяўшы ў чарзе 8 гадзінаў.

 

"Мы адстаялі восем гадзiнаў, — кажа Рыгор Мамурын у сваім відэа. — Было крута, як да нас падбягалі гэтыя хлопцы і прасілі забашлять ім бабак, каб прайсці без чаргі".

Хутчэй за ўсё, людзі, якія прапаноўвалі масквічам свае паслугі, — гэта так званыя "прапускнікі", якія з'явіліся пасля таго, як на мяжы ўвялі электронную чаргу. Яны маюць "абанементы", што даюць права на неабмежаваную колькасць праездаў міма чаргі да пункта пропуску. Абанемент каштуе нятанна — каля 1200 долараў — таму, каб адбіць яго, "прапускнікі" за грошы падсядаюць у машыны да людзей з чаргі. З такім чалавекам у машыне можна праязджаць да шлагбаўма, не чакаючы. 

Рыгор Мамурын пачаў здымаць відэаблог у 2015 годзе. Яго фішка — правяраць, на што людзі здольныя за грошы. Блогер не адчувае недахопу ў сродках для існавання — ён унук алігарха Ігара Няклюдава. Напрыклад, Мамурын падыходзіць да дзяўчын на вуліцы і прапануе грошы за тое, каб пайсці з ім у машыну і даць памацаць сябе за грудзі і попу. Яшчэ адно скандальнае відэа было знятае, калі ён прасіў дзяўчын за грошы паглыбей засунуць у рот банан.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі