Расійскія салюты пастаўляліся ў Беларусь па "вуснай сяброўскай дамоўленасці"
Феерверк на 3 ліпеня / "Мінск-Навіны"
Пастаўшчыком феерверкаў для святкавання Дня Незалежнасці Беларусі 3 ліпеня аказалася расійская кампанія "Пиро-росс". Яе прадстаўнік расказаў выданню Office life, што яны з 2008 года пастаўляюць салюты для Міністэрства абароны Беларусі.
Па словах супрацоўніка расійскай фірмы, закупляюцца феерверкі без тэндару:
"Няма тэндару. Ёсць вусная сяброўская дамоўленасць. Звычайна працуем па такой схеме. Раз на год мы пастаўляем Міністэрству абароны вялікую партыю феерверкаў. Спецтранспарт з маячкамі і ўсімі стандартамі. Зарады захоўваюцца ў Беларусі. Звычайна недзе за два тыдні да святочнай падзеі з намі звязваюцца з Міністэрства абароны і просяць падрыхтаваць сцэнар. За чатыры дні да падзеі нашы спецыялісты адпраўляюцца ў Мінск і ўжо на месцы ўсё кантралююць. Гэтым разам была такая ж схема".
На пытанне, ці здараюцца праблемы з феерверкамі мінскага ўзроўню і наогул як часта ўзнікаюць няштатныя сітуацыі, прадстаўнік расійскай фірмы сказаў, што такога, як у Мінску, ніколі не было:
"Але гэта піратэхніка. Таму робяць бяспечную дыстанцыю. Бывае, снарад не выходзіць на вышыню. Але каб такое... У Маскве таксама 3 ліпеня быў наш салют у гонар Дня Незалежнасці Беларусі, там усё прайшло штатна. Мы не разумеем, як такое магло адбыцца, трэба разбірацца".
Таксама, па словах прадстаўніка "Пиро-росс", на відэа з Мінска бачна, што выкарыстоўваліся не толькі іх зарады:
"Калі аглядзець направа, можна ўбачыць, што недзе ў раёне лодачнай станцыі ў небе раскрываюцца не нашы зарады. У нас такіх няма. Мабыць, беларускія піратэхнікі таксама свой феерверк ладзілі".
Гадавы кантракт на пастаўку феерверкаў у Беларусь для Міністэрства абароны складае 20 мільёнаў расійскіх рублёў, або 316 тысяч даляраў. "Кожны год гэта прыкладна адна і тая ж сума. У расійскіх рублях каля 20 мільёнаў", — заявіў прадстаўнік кампаніі "Пиро-росс".
Міністэрства абароны старанна хавала ад грамадскасці кошт салютаў. Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў прэс-сакратара Мінабароны Уладзіміра Макарава, колькі ж каштуе святочны салют, але, на думку Макарава, грамадзян наўрад ці цікавіць такая інфармацыя:
"Я думаю, што кошт салюта вымяраецца не ў доларах, не ў беларускіх рублях, а ў той бясцэннай памяці, якая сімвалізуе адзінства і яднанне беларускага народа. Рэч у тым, што на фоне запалоханага тэрарыстамі свету, на фоне выбухаў рэальных бомбаў, рэальных крылатых ракет у Беларусі калі і гучаць выбухі, дык гэта гукі салюта.
На маю думку, большасць грамадзян нашай краіны менавіта такім чынам і ацэньвае гэтую сімвалічную, найважнейшую акцыю, якая аб'ядноўвае ўсіх людзей добрай волі. Калі што і засталося ў нас на постсавецкай прасторы, то гэта памяць пра самую, магчыма, важную падзею гісторыі не толькі ХХ стагоддзя. У ёй зашыфраваныя адказы на вельмі многія пытанні стагоддзя цяперашняга".