Расследаванне. Як Расія фінансуе пракрамлёўскія СМІ ў постсавецкіх краінах

Расследаванне. Як Расія фінансуе пракрамлёўскія СМІ ў постсавецкіх краінах

Буйны амерыканскі сайт BuzzFeed News сумесна з Postimees і Re:Baltica раскрыў схему, па якой медыяхолдынг "Россия Сегодня" таемна фінансаваў нібыта незалежныя выданні ў краінах Балтыі. Ім рассылаліся разнарадкі па асвятленні пэўных тэм і гатовы кантэнт, які трэба было абавязкова публікаваць. У дакументах, якія трапілі ў рукі журналістаў, згадваецца і Беларусь.

Прапануем вам кароткі канспект з вынікамі расследавання.

Грошы паступалі з трэціх краін

Для фінансавання прарасійскіх сайтаў у краінах Балтыі рэгістраваліся асобныя фірмы. Грошы паступалі з трэціх краін. Даказаць сувязь паміж сайтамі і Крамлём атрымалася дзякуючы дакументам і перапісцы, доступ да якіх журналісты атрымалі ў адпаведнасці з законамі аб свабодзе распаўсюду інфармацыі ў Эстоніі. Дакументы складалі аснову крымінальнай справы ў дачыненні да ключавога выканаўцы ўказанняў Масквы ў Эстоніі — Аляксандра Карнілава, якога абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў.

Расследаванне. Як Расія фінансуе пракрамлёўскія СМІ ў постсавецкіх краінах

Схема даволі простая: грошы паступалі праз кампаніі, зарэгістраваныя за межамі як Расіі, так і балтыйскіх краін. Указанні пра тое, якія менавіта тэмы абавязкова трэба асвятляць, паступалі праз Skype. Рэдакцыі павінны былі даваць справаздачу аб праведзенай працы, рэгулярна адпраўляючы заказчыкам спісы апублікаваных матэрыялаў. Адначасова з гэтым выданні куплялі трафік і каментары на расійскіх "фабрыках троляў", каб палепшыць паказчыкі.

Ва ўсіх сайтаў была адна назва — Baltnews

Адрозніваліся яны толькі даменнымі зонамі. Сайты падобныя адзін да аднаго па дызайне. Яны з'явіліся ў адзін дзень і амаль адначасова публікавалі амаль аднолькавыя артыкулы. Але рускамоўнаму насельніцтву краін Балтыі гэтыя сайты падаваліся незалежнымі выданнямі.

Расследаванне. Як Расія фінансуе пракрамлёўскія СМІ ў постсавецкіх краінах
Скрыншот: postimees.ee

Ад сайтаў патрабавалася, каб кожны месяц там выходзіла мінімум 70, але не больш за 500 навінаў даўжынёй да 100 словаў. Акрамя таго, штомесяц павінна было выходзіць ад 10 да 50 аналітычных артыкулаў, эсэ ці апавядальных тэкстаў. Для кожнага такога артыкула трэба было ўзяць каментары як мінімум у двух экспертаў.

Штомесячнае фінансаванне і штодзённыя распараджэнні

Атрыманая журналістамі Skype-перапіска распавядае толькі аб працы Baltnews у Эстоніі. Вядома, што ён фінансаваўся праз зарэгістраваную ў Нідэрландах кампанію Media Capital Holding BV. Расследавальнікі робяць выснову, што ў Латвіі і Літве выданні працавалі па той жа схеме.

Расследаванне. Як Расія фінансуе пракрамлёўскія СМІ ў постсавецкіх краінах
Графіка: Лотэ Ларманэ. rebaltica.lv

Логі гутарак у Skype паказваюць, што Карнілаў атрымліваў з Масквы штомесячнае фінансаванне і штодзённыя распараджэнні. У адказ ён павінен быў дасылаць поўную справаздачу пра артыкулы, якія выйшлі на працягу месяца. Пры гэтым ён маніпуляваў лічбамі наведвальнасці ў справаздачах.

Карнілаў і яго памочнік і сябар Аляксандр Дарафееў куплялі “клікі”, каб зрабіць выгляд, што колькасць наведвальнікаў Baltnews больш, чым ёсць на самой справе. Для павелічэння аўдыторыі былі заключаныя дамоўленасці з кампаніяй "Раскрутка сайтаў".

З перапіскі можна даведацца, што адзін мільён праглядаў каштаваў 10 тысяч 990 расійскіх рублёў [338 беларускіх рублёў па курсе на 5 верасня. — Еўрарадыё]. На працягу некалькіх месяцаў уладальнікі сайта аформілі некалькі такіх заказаў. Акрамя таго, яны закупалі каментары — па 9 рублёў за штуку.

“Спутнік” закідалі памідорамі

Мэтай Baltnews і падобных яму парталаў было стварэнне і ўкід спрыяльнага для Расіі кантэнту, які потым разыходзіўся па інтэрнэце. У журналістаў Еўрарадыё атрымалася знайсці спасылкі на кантэнт з Baltnews амаль ва ўсіх беларускіх незалежных медыях.

Беларусь у расследаванні згадваецца толькі адзін раз. У перапісцы за 25 траўня 2016 года фігуруе спіс з 11 тэм для розных медый, які сфармуляваў прадстаўнік "России Сегодня" Аляксандр Связін. Акрамя балтыйскіх выданняў, там фігуравалі рэгіянальныя сайты "Sputnik", у тым ліку і беларускі.

Расследаванне. Як Расія фінансуе пракрамлёўскія СМІ ў постсавецкіх краінах

З пералічаных тэм у беларускім “Спутніку” была рэалізаваная як мінімум адна, пра прэс-канферэнцыю "Белнафтахіма". У артыкуле распавядаецца, што "нафтавыя кампаніі з РФ скарацілі аб'ёмы перапрацоўкі нафты на беларускіх НПЗ да мінімуму". Артыкула пра тое, як беларускага шоўмэна Аляксандра Памідорава закідалі памідорамі пасля таго, як на ён перайшоў працаваць на Sputnik, мы не знайшлі.

Расследаванне мае лакальны кантэкст, але так мы можам убачыць схемы, па якіх працуе фінансаванне прарасійскіх медый у іншых краінах, дзе Крамлю важна мець агентаў уплыву. Заблытванне фінансавых патокаў, невідавочнае кіраванне, навязванне тэм, накручванне наведвальнасці. І інфармацыя па самых розных тэмах, а не толькі прарасійскія агіткі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі