Раварысты арганізуюцца, каб разам ехаць на The Beatles Shabli

Раварысты збіраюцца разам, каб весялей было ехаць на фэст The Beatles Shabli! 1 чэрвеня, у дзень фестывалю, велааматары збіраюцца на мінскім чыгуначным вакзале пад табло ля 23-24 пуцей а 9-й раніцы. На электрычцы рушаць на Маладзечна, а адтуль — 40 км. на ровары.


Арганізатар групавой паездкі Аляксандр Дзешчанка распавядае Еўрарадыё, што раварысты збіраюцца ехаць павольна і паспець акурат да музычнага адкрыцця оўпэн-эйру.


“У нас гэта будзе ці не сёмы выезд на розныя імпрэзы, якія там ладзяцца. Гэта крута, ты асабліва ні ад каго не залежыш. Калі браць за мэту паставіць рэкорд, то за 2-2,5 гадзіны можна заехаць. Плюс — час, які ідзе электрычка. Але мы не для рэкорда едзем, а каб пракаціцца па прыродзе, з невялікім прывалам… Тым больш, звычайна збіраецца даволі разнастайная кампанія: людзі падпісаліся на форуме, ніхто ні з кім асабліва не знаёмы, вось, мы едзем і знаёмімся!”


Арганізатары абяцаюць не рвацца наперад, а ехаць разам з апошнімі. Карацей, трымаць пелетон. Але тым, хто ведае дарогу і жадае дабрацца хутчэй, ніхто не забараняе адрывацца ад калектыву.


“З сабой варта мець выдатны настрой і намёт, хоць ніхто не адмяняў “упіску” да каго-небудзь. Выезд у Мінск запланаваны на наступны дзень, але, зноў жа, без спешкі, каб можна было заехаць пакупацца, паглядзець краявіды і г.д.” — працягвае Аляксандр Дзешчанка.


Далучацца да групы раварыстаў можна ў сацыяльных сетках фестывалю ды ў адмысловай тэме партала poehali.net.


The Beatles Shabli пройдзе 1 чэрвеня на хутары “Шаблі” і стане першым беларускім фэстам лета. Яго хэдлайнерамі будуць дзявочая ліверпульская чацвёрка The Beatelles, аўтэнтычна апранутыя сербы Bestbeat і расійскія баяністы Puttin' On The Beatles Style. Таксама ў лайн-ап мерапрыемства заяўленыя беларусы: джаз-кварцет Канстанціна Валковіча Real Jazz Band, Artefact, The Apples і DJ Ezhaka.


Квіткі на The Beatles Shabli прадаюцца ў ГЦ “Купалаўскі” (пав. 19), ГЦ “Рыга” (пав. 18), а таксама ў білетных аператараў kvitki.by і ticketpro.by. У траўні яшчэ можна набыць квіткі па 160 тысяч, у дзень фестывалю яны будуць каштаваць ужо 200 000.

Як даехаць самастойна ды іншую інфармацыю можна знайсці на сайце фестывалю.

Даведкі па тэлефоне: +375 29 1408000.



 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі