Разам з Шэнгенам Польшча і Літва пакінуць для беларусаў і нацыянальныя візы?

Такая віза ў Польшчу будзе каштаваць 75 еўра, але тэрмін яе дзеяння будзе год і болей.
Ажыццявіць жа агучанае на практыцы будзе складана, куды прасцей – наладзіць працэдуру выдачы нацыянальных (унутраных) візаў.

Кожная краіна — удзельніца Шэнгенскага пагаднення пакідае за сабой права выдачы нацыянальных візаў, але пры гэтым прадугледжвае пэўныя сітуацыі, у якіх яны будуць выдавацца.

Прэс-сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Моніка Садкоўска адзначыла, што штосьці канкрэтнае казаць пакуль рана, але магчымасць такая ёсць:

“Ёсць верагоднасць, што такія візы будуць выдавацца пэўным катэгорыям грамадзян, у асноўным тым, каму трэба часцей бываць у Польшчы, – бізнесмэнам, людзям, якія едуць па культурным абмене, альбо тым, у каго ў Польшчы жывуць родныя”.

Нягледзячы на тое, што каштаваць такая віза будзе ажно 75 еўра (на 15 больш за Шэнгенскую), гэта дасць магчымасць некаторым грамадзянам Беларусі зэканоміць. У адрозненні ад разавай шэнгенскай, нацыянальная віза будзе доўгатэрміновай – з тэрмінам дзеяння год і болей.

У амбасадзе Чэхіі інфармацыі наконт магчымай выдачы нацыянальных візаў пакуль не маюць. Цяпер там выдаюцца звычайныя чэшскія візы, і хутчэй за ўсё гэта працягнецца да пачатку наступнага года:

“На сённяшні дзень пакуль выдаем, а як там будзе далей – невядома… Каманды пакуль не было. Калі з 1 студзеня ўступім у Шэнген, то хутчэй за ўсё да Новага года. Але дакладна сказаць не магу, таму што могуць прыйсці дадатковыя нейкія звесткі. Пакуль так”.

Асаблівасці выдачы нацыянальных візаў абмяркоўваюцца цяпер і ў амбасадзе Літоўскай Рэспублікі. У адрозненні ад Польшчы, візы, якія выдаюцца літоўскай амбасадай цяпер, будуць дзейнічаць і пасля ўступлення краіны ў Шэнгенскую зону.

Дарадца амбасадара Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Дарыўс Віткаўскас патлумачыў Еўрарадыё, што шматразовыя гадавыя візы Літоскай Рэспублікі пасля ўступлення краіны ў Шэнген можна будзе выкарыстоўваць толькі для паездак у Літву. У іншыя краіны шэнгенскай зоны ўладальнікі такіх візаў паехаць не змогуць.

Што тычыцца Шэнгенскай візы, то тут сітуацыя іншая. Раней у размове з Еўрарадыё спадар Віткаўскас адзначыў, што ўладальнік такой візы зможа выехаць у любую краіну-ўдзельніцу Шэнгенскай дамовы, але існуюць некаторыя акалічнасці. Калі вы атрымалі візу ў літоўскай амбасадзе, то пачаць паездку будзеце вымушаны менавіта з Літвы. І толькі пазней зможаце матывавана наведаць іншыя краіны, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону.

Ці не дасць гэта магчымасць грамадзянам, якія атрымалі нацыянальную візу, схітрыць і па нацыянальнай візе падарожнічаць па ўсіх астатніх краінах, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону? Прэс-сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Моніка Садкоўска ўпэўнена, што такі варыянт выключаны:

“Не, такое немагчыма, таму што гэта будзе віза, якая будзе дзейнічаць толькі на тэрыторыі Польшчы. Цяжка сказаць, як гэта будзе кантралявацца, але калі гэты чалавек паспрабуе з гэтай візай паехаць кудысьці далей, у яго будуць проста праблемы ў пэўнай краіне, куды ён паспрабуе з’ездзіць”.

Фота — www.diplobel.org/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі