Рэальныя грашовыя даходы беларусаў скараціліся на 1,2%
Рэальныя грашовыя даходы беларусаў у студзені — траўні 2017 года ўпалі на 1,2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года. Свежую статыстыку публікуе Белстат.
Рэальныя даходы — гэта вельмі важны паказчык, што яскрава характарызуе стан справаў у эканоміцы. Напрыклад, сярэдні заробак у Беларусі з пачатку года вырас. Але калі ўлічыць інфляцыю, дык высветліцца, што беларусы могуць набыць на свае грошы менш тавараў і паслуг, чым раней. Дык вось, рэальныя даходы — гэта наяўныя даходы з папраўкай на інфляцыю.
У агульным аб'ёме грашовых даходаў аплата працы займае 61,6%, трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя) — 24,7%, даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, — 8,1%, даходы ад уласнасці і іншыя даходы — 5,6%.
Рэальныя даходы беларусаў падаюць на працягу ўсяго гэтага года, піша TUT.by. У студзені гэты паказчык скараціўся на 4,5% да аналагічнага перыяду мінулага года, у студзені-лютым — на 3,2%, у студзені-сакавіку — на 2,2%, у студзені-красавіку — на 1,5%, і вось, у студзені-траўні — на 1,2%.
А ў мінулым годзе рэальныя даходы беларусаў паказалі самае моцнае падзенне за апошнія 10 гадоў.