Рэчыцкі фэст збірае металістаў больш чым з 13 краін свету
9-ы фестываль Metal Crowd замахваецца на 40 гуртоў за два дні. Сярод хэдлайнераў сёлета Gods Tower і ТТ-34.
24-25 жніўня ў рэчыцкім спартовым комплексе пройдзе буйны металічны фестываль Metal Crowd. 9-ы фэст збярэ на адной сцэне больш за 40 гуртоў з 13 краін свету.
"Сёлета будуць прадстаўленыя Літва, Латвія, Румынія, Бразілія, Нарвегія, Швецыя, Польшча і іншыя, ― распавядае арганізатар фэсту Ягор Руль. ― Хэдлайнерамі стануць, безумоўна, Suidakra з Германіі, Illdisposed з Даніі, Sybreed са Швейцарыі і Gods Tower з Гомеля. Таксама сярод беларускіх удзельнікаў ужо пацверджаныя гамяльчане TT-34 ды LUA з Магілёва”.
Апроч музыкі арганізатары рыхтуюць розныя дадатковыя тэматычныя забавы на тэрыторыі фэсту: майстроў адмысловага мэйк-апу, мастакоў па целе, выставу мотатэхнікі, паказальныя выступы і г.д.
Што датычыцца рассялення, то наведвальнікам прапануецца здымаць кватэры, матэлі, гасцініцы ў Рэчыцы. Тыя ж, хто жадае паставіць намёт, могуць паспрабаваць размясціцца за горадам. Тым больш спорткомплекс знаходзіцца амаль на мяжы. Самі ж арганізатары стварэннем афицыйнага намётавага мястэчка займацца не будуць.
Квіткі на 9-ы Metal Crowd можна набыць на сайце kvitki.by, а таксама ў распаўсюджвальнікаў па гарадах. Іх кошт з цягам часу расце, цяпер яшчэ можна знайсці праходкі за 240 тысяч, а ў дзень фестывалю яны будуць каштаваць ужо 350.