Рэкламісту Васілевічу выставілі абвінавачанне, яго цяжарная жонка — падазраваная
Следства выставіла абвінавачанне вядомаму рэкламісту Аляксандру Васілевічу. Па крымінальнай справе падазраванай праходзіць і яго жонка, якая знаходзіцца на сёмым месяцы цяжарнасці.
Васілевіч знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Назваць артыкул, па якім вінавацяць рэкламіста, яго адвакатка Алена Дзяніс не змага — з яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
"Мой падабаронны адчувае сябе добра, шмат чытае, займаецца спортам, наколькі гэта магчыма ў тых умовах, і перадае ўсім прывітанне. Вядома, Аляксандр перажывае за свой бізнэс і гатовы сябе абараняць. Пішыце яму лісты, гэта вельмі важна! Гэтая такая падтрымка, якая дае зразумець: чалавек не забыты, пра яго памятаюць. 14 верасня ў Аляксандра дзень нараджэння, ужо цяпер яму можна адправіць віншаванне", — сказала яна ў каментары партаду TUT.by.
Васілевіч валодае рэкламным агенцтвам Vondel / Hepta, галерэяй сучаснага мастацтва "Ў", сайтамі kyky.org і The Village Беларусь.
Гэтым летам яго затрымлівалі двойчы. Напрыканцы ліпеня ён трапіў за краты, калі прыйшоў у КДБ падаваць паручальніцтва за Віктара Бабарыку. Тады Васілевіча асудзілі на 14 сутак, абвінаваціўшы ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
27 жніўня яго зноў затрымалі, у яго офісе і дома правялі ператрус супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Таксама два супрацоўнікі ў цывільным прыходзілі да цешчы Васілевіча "для гутаркі".
Падазраванай па справе праходзіць і яго жонка Надзея Зелянкова, якая валодае ўласным бізнесам (Red Graphic). З яе таксама ўзялі падпіску аб неразгалошванні. "У дачыненні да Надзеі распачатая крымінальная справа, на сённяшні дзень яна падазраваная", — паведаміла TUT.by адвакатка Марыя Дабратворская.
Дарэчы, Зелянкова знаходзіцца на сёмым месяцы цяжарнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.