Рэктар Акадэміі мастацтваў адмовіўся аднаўляць адлічаных студэнтаў (дакумент)
Студэнтаў, адлічаных з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, аднаўляць у гэтай ВНУ не плануюць. Гэта вынікае з адказу, які рэктар БДАМ Міхаіл Баразна даў на калектыўны зварот, пад якім падпісаліся студэнты, выпускнікі і выкладчыкі.
Ініцыятарам звароту стала тэатральны крытык і кандыдат мастацтвазнаўства Крысціна Смольская. Яна ж апублікавала ў Фэйсбуку і адказ Баразны, які атрымала 17 лістапада.
Патрабаванні падпісантаў рэктар назваў беспадстаўнымі. Ён спаслаўся на артыкулы 79 і 126 Кодэкса аб адукацыі, якія рэгулююць дамоўныя адносіны паміж навучэнцамі і ўстановай адукацыі.
А пасля гэтага заявіў, што студэнтаў з БДАМ адлічалі і раней: "За час існавання з БДАМ быў адлічаны не адзін дзясятак студэнтаў, магістрантаў па розных прычынах, у тым ліку і па вінаватых падставах". Што маецца на ўвазе пад "вінаватымі падставамі", у дакуменце не ўдакладняецца.
Баразна нагадаў, што адлічаныя студэнты могуць аднавіцца ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі.
Завяршае свой адказ рэктар тым, што называе патрабаванне калектынага звароту "галаслоўным", не пацверджаным дакументальна і неаб'ектыўным. Па яго словах, няма ніякіх законных падстаў аднавіць адлічаных студэнтаў.
"У прыватнасці, з якой мэтай неабходна "аднавіць ужо адлічаных", калі адлічаныя з БДАМ завяршылі засваенне адукацыйнай праграмы?" — пытаецца Баразна. Гэты пасаж таксама ніяк не тлумачыцца. Раней паведамлялася, што з Акадэміі мастацтваў былі адлічаныя студэнты трэцяга і нават другога курса. Большасць з адлічаных да выпускнога курса не давучылася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.