Рэпера Макса Каржа не пусцілі ва Украіну

Рэпера Макса Каржа не пусцілі ва Украіну

Украінскія памежнікі не пусцілі ў краіну рэпера Макса Каржа і забаранілі яму ўезд на тры гады. Пра гэта піша сайт InfoResist са спасылкай на памочніка кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Алега Слабадзяна.

"Сёння падчас праходжання прыгранічнага кантролю пасажыраў, якія прыляцелі з Мінска, быў выяўлены дадзены спявак, які ў свой час наведваў акупаваны Крым. На падставе наяўнай інфармацыі, у адпаведнасці з заканадаўствам было прынятае канчатковае рашэнне пра няпропуск яго праз мяжу", — патлумачыў Слабадзян.

Дарэчы, 23снежня ў Кіеве ў Каржа мусіць адбыцца вялікі канцэрт у Палацы спорту. Квіткі пакуль прадаюцца. У сацыяльных сетках спявак выказвае спадзеў, што сітуацыя вырашыцца станоўча.

Раней паведамлялася, што ў ліпені 2015 года Корж выступаў ў занятым Расіяй Крыме — Сімферопалі і Севастопалі. Пазней ён з'ездзіў у Кіеў і Львоў. У лютым 2016-га рэперу забаранілі ўезд ва Украіну, але потым СБУ зняла забарону, бо не пабачыла ў дзеяннях Макса Каржа пагрозы нацыянальнай бяспецы.

16 снежня Макс Корж выступіць з вялікім канцэртам у "Мінск-Арэне". Ён прадставіць свой новы альбом "Малый позврослел 2". Кошт квіткоў ад 15 рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі