Akute прэзентуе "Дзевачкі і космас" і рыхтуецца да запісу другой пласцінкі

Альбом быў запісаны восенню 2010 году, увесь астатні час музыкі працавалі над гукам.

"З першым альбомам  "Дзевачкі і космас" адбылася невялікая замінка, - распавядае аўтар песень гурта Раман Жыгараў. - У агульнай складанасці, запіс заняў 5 дзён. Мы вельмі хутка "ўкацілі" ўсе трэкі. Увесь астатні час заняло звядзенне і майстарынг".

Канцэпцыяй усяго альбома, які выкладзены на афіцыйным сайце www.akutemusic.net

з'яўляецца халодны, сыры гук, які музыкі адмыслова пакінулі "брудным".

Раман Жыгараў: "Гук на альбоме сыры, і мы жадалі надаць яму такі велізарны аб'ём - вялікую прастору. З дапамогай гуку мы хацелі імітаваць гэту самую касмічную бясконцасць і халодную адзіноту".

Раман Жыгараў падзяліўся з Еўрарадыё сваёй асаблівасцю напісання тэкстаў:

Раман Жыгараў: "Перыядычна нейкія словы да мяне прыходзяць у транспарце. Гэта значыць калі кудысьці доўга-доўга ехаць, пра нешта думаць, то адразу прыходзяць нейкія радкі. Тады я хапаю дыктафон і пачынаю на ўвесь аўтобус гэта ўсё запісваць - надыктоўваць, ці напяваць".

Што да музычнага складніку альбома - гэта, хутчэй, імправізацыя, над якой музыкі працавалі разам.

Раман Жыгараў: "Музыка ў нас галоўным чынам нараджаецца з імправізацый, якія потым ужо афармляюцца ў кампазіцыі.  Музыку мы пішам усе разам. Мы добра адчуваем адзін аднаго, і з гэтага атрымліваюцца нашы песні".

Так атрымалася, што месцам першай прэзентацыі альбома стала пляцоўка кіеўскага фестывалю "Верціфэст-2011", на якім летась Akute узялі гран-пры.

Раман Жыгараў: "У мінулым годзе мы ўдзельнічалі ў ім па запрашэнні. У выніку аказалася, што гэта быў конкурс, і зусім нечакана мы на ім перамаглі. Сёлета мы таксама ездзілі на фестываль, але ўжо ў якасці хэдлайнераў, па запрашэнні Андрэя Няфёдава, арганізатара. У далейшым плануюцца яшчэ клубныя прэзентацыі альбома ў Кіеве і Днепрапятроўску".


Тым часам Akute рыхтуюць да запісу новы альбом.

Раман Жыгараў: "Справа ў тым, што ў нас ужо гатовая абсалютна новая праграма. Мы цяпер яе актыўна граем на канцэртах. І на ўсіх нашых выступах ужо можна будзе пачуць новыя песні, якія ўвойдуць ужо ў наступны альбом, да запісу якога мы прыступаем ужо ў самы бліжэйшы час".

Хутка  гурт прадставіць альбом "Дзевачкі і космас" і ў Беларусі - 5 чэрвеня Akute выступяць у магілёўскім клубе "Куба",10-га - у сталічным "Графіці", 11-га - у віцебскім "Чардачку".

Раман Жыгараў: Мінску мы прадставім вялікую праграму - каля 20-ці песень. Мы сыграем увесь альбом - "Дзевачкі і космас", а таксама шмат новых рэчаў. Праграму спадзяемся пабудаваць так, каб было цікава слухаць штосьці новае ў спляценні з ужо нейкімі старымі рэчамі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі