Алімпійская чэмпіёнка Аксана Мянькова чакае кватэру з Пекіна-2008
Чаму дом не змаглі пабудаваць за чатыры гады — незразумела. Ды і ўзводзіць яго пачалі толькі летась.
“Пасля Пекіна чамусьці аказалася, што наша вобласць не выдзеліла мне жыллё, — распавядае алімпійская чэмпіёнка Аксана Мянькова. — Цяпер у нас будуецца алімпійскі дом, і я захацела пабудаваць сабе жыллё. Будуюць-будуюць, павінны былі здаць год таму, а дом яшчэ ў працэсе будоўлі”.
У размове з Еўрарадыё спартоўка ўзгадвае, што астатнія алімпійскія чэмпіёны Пекіну ўжо шмат часу жывуць у сваіх новых кватэрах:
“Арамнаву далі, Багдановічу далі. У мяне такое адчуванне, што наш губернатар не валодаў інфармацыяй, што з нашым алімпійскім домам. Ён паставіў тэрмін, што 1-га снежня павінны здаць дом. Не ведаю, як яны будуць будаваць. Дом гатовы толькі на 23 працэнты”.
Як даведалася Еўрарадыё, недабудаваны алімпійскі дом налічвае шэсць паверхаў. Будаўнікі абяцаюць цягам двух месяцаў дарабіць яшчэ чатыры паверхі.
Начальнік ўпраўлення фізічнай культуры і спорту Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Юдко прызнае такую праблему.
Уладзімір Юдко: “Гэта ўсё заказ і будаўніцтва “Алімпа” (фірма-заказчык, заснаваная НАК. — заўв.Еўрарадыё), то бок прадстаўніцтва НАК. З-за няспрытнасці прадстаўніцтва фірмы, іх маруднай працы не атрымалася хуткімі тэмпамі скончыць будаўніцтва аб’екта”.
Але чаму дом не змаглі пабудаваць за чатыры гады — незразумела. Ды і будаваць пачалі толькі летась.
“Дом мусіў быць здадзены ў канцы 2011-га года. Але помніце, тады долар скакаў, не было фінансавання ад банкаў? Зараз будоўля ўзноўленая”, — распавядае Еўрарадыё дырэктар магілёўскага прадстаўніцтва НАК Вадзім Панчанка.
Зараз Аксана Мянькова рыхтуецца да Гульняў. А дзяржава не разлічылася з ёй яшчэ за мінулую Алімпіяду. Ці пасля Лондану яна можа разлічваць адразу на дзве кватэры?
Фота: klbviktoria.com