Алімпійскі чэмпіён Мартынаў слухае хэві-мэтал і прагрэсіўны рок

120816 ValoshynMartynau.mp3120816 ValoshynMartynau.mp3

Стэлефанаваўшыся з нашым “залатым” стралком Сяргеем Мартынавым у другі раз, мы спазніліся на паўгадзіны. Але чэмпіён часова адклаў паездку на лецішча і ветліва з намі сустрэўся.

За чатыры гады да Гульняў у Лондане яму практычна не тэлефанавалі журналісты. Як кажа стралок, “нібы з жыцця выкраслілі”. Але для самога Сяргея Мартынава залаты медаль аказаўся лагічным.

Шчыра кажучы, вялікай нечаканасцю гэта не было. Таму што, калі ўзгадаць усю сваю гісторыю, то я мог перамагчы на ўсіх шасці Алімпіядах, дзе  ўдзельнічаў, — кажа стралок. — Але не складвалася. Было дзве бронзы, было шостае, восьмае месцы… На першай Алімпіядзе, гэта было ў 1988-м, я таксама мог быць першым. Мне было 20 гадоў, да гэтага я перамог на Кубку свету, рэкорд свету ўсталяваў. Але неяк не складвалася, трошкі не шанцавала…”


Свой залаты медаль Сяргей Мартынаў пабачыў у сне яшчэ за чатыры гады да Гульняў ў Лондане і зараз усмешліва пра гэта ўзгадвае:

“Перад мінулай Алімпіядай, перад Пекінскай, мне снілася, што мяне прэзідэнт віншуе з залатым медалём. Сон не быў прарочым. А перад Лонданскай мне, здаецца, нічога не снілася”.


Сяргей Мартынаў, як нам падалося, з тых людзей, якіх не назавеш казачнікамі. Размаўляе ён гэтак жа, як і страляе: трапна і ўзважана, ніколі не перагінае палку. Гэтак жа, па ўсім відаць, і жыве.

Не скажу, што я фанат чагосьці, той жа рыбалкі. У мяне няма такога, што трэба кідаць усё кожныя выходныя і кудысьці  імчацца рыбу вудзіць, — працягвае чэмпіён. — Звычайнае жыццё, люблю і музыку паслухаць, і тэлевізар паглядзець, падабаюцца спартовыя перадачы: той жа снукер падабаецца, і тэніс вялікі”.


Еўрарадыё: А якую музыку вы любіце слухаць?

Сяргей Мартынаў: З апошняга, што мне патрапілася на вочы, гэта гурт Soen (шведска-амерыканскі хэві-метал. — Еўрарадыё). У яго выйшаў толькі адзін альбом, але там вядомыя музыкі. Steven Wilson, вядомы ў вузкіх колах музыка з гурта Porkupine Tree (прагрэсіўны рок, Англія. — Еўрарадыё). Blackfield — таксама яго гурт. З амерыканскага — Tool (прагрэсіўны рок ), ёсць такая банда. Са старога — Pink Floyd не слухаю чамусьці, неяк не кладзецца на душу. Ну, Led Zeppelin са старога падабаецца…


Еўрарадыё: Многія здзівіліся, што вам-такі ўдалося перамагчы на Алімпіядзе ў неюнацкім узросце. Звычайна спартсменам, якім за 40, здароўе не дазваляе паспяхова выступаць…

Сяргей Мартынаў: "Стралковы спорт не патрабуе ў прынцыпе нейкіх звышфізічных намаганняў. Але некаторыя практыкаванні адымаюць і здароўе. Напрыклад, стральба з пнеўматыкі, стоячы. Стральба статычная, але ідзе вялікая нагрузка на паясніцу, пазваночнік. Многім аперацыі робяць, пазванкі выразаюць. Многія з гэтай прычыны перастаюць выступаць. Апроч гэтага, калі страляеш у ціры, — дым, порах, свінец гэты… Але як яно ўплывае — гэта будзе вядома потым".

Ва ўладальніка 400-грамовага алімпійскага медаля (золата там, праўда, толькі шэсць грамаў), цікавімся, а што гэта такое — выйграць такую ўзнагароду ў 44 гады?

Медаль Сяргея Мартынава 

Сяргей Мартынаў: “Мой узрост я не лічу гранічна дапушчальным. Ёсць людзі і старэйшыя за мяне гадоў на пяць-шэсць. Дзейныя спартсмены, паспяхова выступаюць. У гімнастыцы, канешне, не будзеш у 40 гадоў скакаць на бервяне ці круціць піруэты на папярэчыне. Але тая ж Кацярына Карстэн — не дзяўчынка, яна прыкладна майго ўзросту, і акадэмічнае веславанне па фізічных затратах непараўнальнае са стральбой. Тым не менш чалавек выступае на высокім узроўні, і, наколькі я ведаю, заканчваць не збіраецца”. 

Еўрарадыё: У “Вікіпедыі” напісана, што вы нарадзіліся ў Расіі. А ці ведаеце беларускую мову?

Сяргей Мартынаў: “Мой бацька — рускі, маці — беларуска. У Расіі я прабыў пасля нараджэння толькі адзін тыдзень. Мову ў школе вывучаў, але гэта было так даўно… У мяне дачка малодшая скончыла пачатковую школу на беларускай мове. Таму яна ў нас найлепшы спецыяліст у сям’і па гэтым пытанні”.


Еўрарадыё: Такое ўражанне, што падчас спаборніцтваў вы дасягаеце поўнага спакою… Як гэтаму навучыцца?  Ці моцна замінае спартсменам хваляванне?

Сяргей Мартынаў: “Хваляванне, разумееце, у розныя моманты аказвае розны ўплыў. Бывае поўны спакой, як у тым жа фінале Гульняў у Атланце.  Практычна там нічога не патрапіў, скаціўся з трэцяга на сёмае месца. Што трэба для поспеху, я, у прынцыпе, і не ведаю. Хваляванне — гэта добра ці дрэнна..?”


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі