Аляксей Навальны прадказвае Расіі беларускі сцэнар
Таксама ён заявіў, што хоча стаць прэзідэнтам і змяніць жыццё ў краіне.
Пра гэта адзін з лідараў расійскай апазіцыі паведаміў у эфіры расійскага тэлеканала "Дождь". Навальны крытыкуе цяперашняе кіраўніцтва Расіі і заяўляе, што "сэнс існавання гэтай улады — у карупцыі". Апазіцыянер кажа, што зрабіў свой выбар і не з'едзе з краіны.
Апазіцыянер спрагназаваў вялікую колькасць палітычных справаў у бліжэйшыя гады. "Не жадаю даваць прагнозаў, але ўсё ідзе паводле беларускага сцэнару", — перадае РБК словы Навальнага.
Нагадаем, 17 красавіка павінна адбыцца першае судовае паседжанне па справе пра крадзяжы ў "Кіраўлесе". Навальнага падазраюць у арганізацыі крадзяжу маёмасці заводу. У выніку гэтага Кіраўскай вобласці была нанесеная шкода на суму больш за 16 мільёнаў расійскіх рублёў. Апазіцыянеру пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Фота — rbc.ru