Амбасада Беларусі ў Казахстане не займаецца вызваленнем паплечніка Бакіева
Былога чыноўніка Пайзулабека Рахманава ў чэрвені затрымалі ў Казахстане. Пры сабе ён меў беларускі пашпарт на імя Пазыла Тамбаева.
“Мы гэтым пытаннем не займаемся. Інфармацыю ў СМІ бачылі, але яна не стала для нас прычынай, каб прадпрымаць нейкія дзеянні”, — расказаў Еўрарадыё сакратар беларускага пасольства ў Астане Алег Марозаў.
Дыпламат дадаў, што звычайна пасля затрымання ў Казахстане беларускіх грамадзян у наша пасольства звяртаюцца прадстаўнікі праваахоўных органаў гэтай краіны. У выпадку з былым паплечнікам Курманбека Бакіева гэтага не адбылося.
Нагадаем, што былога кіраўніка “Дзяржматрэзерваў” Кыргызстана Пайзулабека Рахманава затрымалі на казахска-кыргызскай мяжы яшчэ 15 чэрвеня. На радзіме яго вінавацяць адразу ў некалькіх злачынствах. Экс-чыноўніку пагражае да 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці. Цяпер Рахманаў знаходзіцца у СІЗА казахскага горада Тараз. Кыргызстан спрабуе дамагчыся яго экстрадыцыі.
Фота — stan.tv