Апошні матч зборная пад кіраўніцтвам Штанге згуляе супраць Лівіі
З лівійцамі беларускія футбалісты сустрэнуцца 15 лістапада ў Арабскіх эміратах.
Бернд Штанге развітаецца з футбольнай зборнай Беларусі таварыскімі матчамі з Нігерам і Лівіяй, якія пройдуць 11 і 15 лістапада ў Арабскіх эміратах. Пра гэта распавёў Еўрарадыё першы намеснік старшыні Федэрацыі футбола Сяргей Сафар’ян.
Раней паведамлялася, што наша зборная правядзе ў ААЭ дзве таварыскія гульні: 11 лістапада супраць Славакіі і 15 лістапада супраць Нігера. Але дасягнуць дамоўленасці са славакамі не ўдалося. Для немца Бернда Штанге, у якога 30 лістапада заканчваецца кантракт з нашай камандай, матч з Лівіяй стане апошнім у якасці галоўнага трэнера зборнай Беларусі.
Новага трэнера зборнай абяруць на выканкаме Федэрацыі футбола, дата якога пакуль невядомая. Па словах Сяргея Сафар’яна, сярод кандыдатаў разглядаюцца толькі айчынныя спецыялісты.
Нагадаем, што нямецкі трэнер Бернд Штанге узначаліў каманду у 2007 годзе і з’яўляецца рэкардсменам па часе, праведзеным на чале зборнай Беларусі.
Фота: goals.by