Аўтары рэкламы пра зніклую Варвару Скідкіну атрымаюць да 5 мільёнаў...
Такі штраф прадугледжвае Адміністрацыйны кодэкс за парушэнне заканадаўства аб рэкламе.
Гэта рэклама сайта зніжак, аформленая як абвестка пра зніклую дзяўчынку, выклікала скандал. А ўладальніку старонкі "Міністэрства зніжак" і аўтару рэкламы пагражае штраф.
Дар'я Каткоўская, юрыст кампаніі "Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры", лічыць, што такая рэклама парушае трэці пункт 26 артыкула закона "Аб рэкламе", бо з'яўляецца неэтычнай і парушае агульнапрынятыя нормы маралі.
"Большасць людзей успрымае гэта не як рэкламу зніжак, а як знікненне дзяўчынкі. Гэта сітуацыя, падобная на казку, дзе хлопчык крычаў: ваўкі. Таксама гэта парушае першы пункт артыкула, таму што ўтрымлівае непраўдзівыя звесткі. Бо такой дзяўчынкі не існуе і яна не знікала. Той стыль, у якім напісана рэклама, не дае нам зразумець, што гэта выдуманая дзяўчынка".
Але ж эксперт не пагаджаецца з меркаваннем, што гэта рэклама парушае аўтарскія правы расійскай пошукавай арганізацыі, пра што казалі ў Мінгандлю.
Рэкламшчыца Юля Ляшкевіч называе такі рэкламны крок дзіўным.
"На фоне таго, як часта знікаюць людзі, — гэта жудасна. Мы ўсе ведаем, што ў сацыяльных сетках з'яўляюцца ілжывыя абвесткі, людзі робяць рэпосты, потым аказваецца, што гэта не праўда. Такія рэчы падрываюць давер. Бывае правакацыйная рэклама, але ў дадзеным выпадку я б сказала, што мае месца дрэнны тон, непрымальны для дарослых людзей. Гэта падобна на неўсвядомленую дзіцячую жорсткасць — калі чалавек яшчэ не разумее межы, праз якія нельга пераступаць".
У Мінгандлю агучваць Еўрарадыё афіцыйную пазіцыю адмовіліся. І параілі паглядзець газету "Советская Белоруссия".
У згаданай газеце кансультант упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Іна Гаўрыльчык распавяла, што і міністэрства прызнала рэкламу неэтычнай. А на прыпынках яе вешалі без дазволу. Цяпер высвятляюць, ці быў дазвол бацькоў дзяўчынкі на публікацыю фота.
Ужо знайшлі, каму належыць інтэрнэт-старонка, якую рэкламавалі такім незвычайным чынам. Цяпер яе ўладальніка выклікаюць у Мінгандлю, каб скласці пратакол. Еўрарадыё таксама адшукала аўтараў рэкламы, але яны "схавалі галаву ў пясок": не адказваюць на тэлефон і паведамленні "ВКонтакте".