Ажароўскі: Чыноўнікі не змаглі аспрэчыць крытыку праекту АЭС
Упершыню за адным сталом сустрэліся прыхільнікі і крытыкі будаўніцтва Астравецкай станцыі. Сустрэча ператварылася ў спрэчку на павышаных тонах.
Міжнародная грамадская экалагічная экспертыза дала негатыўную ацэнку праекту беларускай АЭС. На думку незалежных спецыялістаў, астравецкая станцыя не вытрымлівае крытыкі ні па адным з кірункаў: экалагічным, эканамічным, тэхналагічным ды прававым. Сваю выснову эксперты прэзентавалі 22 сакавіка ў Мінску. На канферэнцыю нечакана прыйшлі і прадстаўнікі дзяржаўных структур. На думку эколагаў, яны спрабавалі сарваць сустрэчу. Аднак эксперт расійскай экалагічнай ініцыятывы “Экозащита” Андрэй Ажароўскі бяды ў прысутнасці чыноўнікаў не бачыць.
Андрэй Ажароўскі: “Для мяне больш важнае не тое, што некаторыя з іх паводзілі сябе як троечнікі на галёрцы, а тое, што ўсё-ткі былі пацверджаныя асноўныя перасцярогі, якія мы знайшлі ў час экспертызы. Аніводны чалавек не запярэчыў супраць тэзісу, што рэактар эксперыментальны – атрымліваецца, што з гэтай высновай грамадскай экспертызы згодныя нават атамшчыкі. Усе выступоўцы пацвердзілі, што на сёння ў Беларусі няма рашэння праблемы радыеактыўных адкідаў”.
Нагадаем, што запрашэнне на першае працоўнае пасяджэнне грамадскай камісіі праўладныя структуры цалкам праігнаравалі. На апошнюю ж адкрытую сустрэчу з’явіліся і прадстаўнікі Дырэкцыі будаўніцтва атамнай станцыі, і Дзяржаўнай экалагічнай камісіі пры Міністэрстве прыроды, і нават інстытуту “Сосны”, які рыхтаваў навуковае суправаджэнне праекту Астравецкай станцыі. Пры гэтым, сведчыць Ажароўскі, чыноўнікаў ніхто з камісіі на сустрэчу не запрашаў.
Наведаў прэзентацыю і старшыня грамадскага аб’яднання “Экалагічная ініцыятыва” Юры Салаўёў. Прадстаўнік грамадскасці, як акрэсліў сябе сам Салаўёў, заклікаў удзельнікаў незалежнай камісіі не ўводзіць прысутных у зман і выказвацца супраць праекту АЭС выключна ад уласнага імя, а не ад імя шырокай грамадскасці.
Адначасова старшыня “Экалагічнай ініцыятывы” пашкадаваў, што менавіта “Экадом”, а не яго арганізацыя атрымала права правесці грамадскую ініцыятыву. Дарэчы раней Юрый Салаўёў казаў, што “АЭС новага пакалення не распаўсюджваюць аніякіх радыенуклідаў у такой зоне, каб дасягнуць тэрыторыі Літвы і аніякім чынам не будуць уздзейнічаць на гідралагічны рэжым рэк, якія знаходзяцца на літоўскай тэрыторыі”.
Нагадаем, меркаваная пляцоўка будучай станцыі знаходзіцца ў 23 кіламетрах ад беларуска-літоўскай мяжы. А рака Вілія, якая будзе выкарыстоўвацца для дзейнасці Астравецкай АЭС, цячэ праз цэнтр літоўскай сталіцы – Вільні – усяго ў 40 кіламетрах уніз.
Магчыма, гэткую зацікаўленасць лабістаў АЭС вынікамі працы незалежнай камісіі тлумачаць паводзіны няпрошаных госцяў. Прадстаўнікі афіцыйных структур увесь час правакавалі спрэчкі, перашкаджаючы выступоўцам і пераходзячы на асобы. Аднак юрыст грамадскай экалагічнай экспертызы Алена Танкачова бачыць і іншую прычыну для спробы зрыву канферэнцыі. Яна сцвярджае, што дзеянні лабістаў атамнай энергетыкі дый сама ідэя будаўніцтва АЭС не адпавядае беларускаму заканадаўству.
Алена Танкачова: “Паводле Канстытуцыі, Рэспубліка Беларусь ставіць сабе за мэту зрабіць тэрыторыю рэспублікі без’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Камісія канстатуе, што ўласна высновамі, падрыхтаванымі афіцыйна дзяржаўнымі органамі, зафіксаваная праблема недастатковасці прававога рэгулявання ў сферы атамнай энергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Аўтары афіцыйнай справаздачы канстатуюць прабелы ў заканадаўстве, аднак не лічаць гэта перашкодай для далейшай працы”.
Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі грамадскай экспертызы заклікалі прысутных прадстаўнікоў Дзяржаўнай экалагічнай экспертызы быць сапраўды аб’ектыўнымі ў вынясенні ўласнага вердыкту праекту беларускай АЭС.
Еўрарадыё пра АЭС:
Шведскі эксперт: Кошт беларускай АЭС можа вырасці да 20 мільярдаў долараў
Геатэрмальнае цяпло абагравае гародніну пад шкляным дахам (фотарэпартаж)
Літоўскія эксперты: Беларуская АЭС пагражае знішчэннем цэлага народа
Эканамічную выгаду беларускай АЭС падлічаць толькі пасля яе будаўніцтва?
Замест АЭС навукоўцы прапанавалі зрабіць у зямлі дзіру ў 2 кіламетры
Расійскія атамшчыкі разглядаюць Беларусь як пляцоўку для эксперыментаў?
Фота: Валера Руселік