Бахарэвіч: Яшчэ ніколі я не пісаў настолькі біяграфічнай прозы! (ФОТА)

120323 Nasta Baharevi4.mp3

Новы раман Альгерда Бахарэвіча “Шабаны” быў прэзентаваны 22 сакавіка ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску.


“Тут некалькі галоўных герояў. Адзін – шабаноўскі хлопец, які вяртаецца праз усю кніжку з Зялёнага луга ў Шабаны. Ён ідзе і разважае, напявае нешта сабе пад нос, а навокал – ноч, Мінская ноч. Яшчэ адна галоўная гераіня – жанчына Сафія, у якой знік муж, і яна яго шукае… Галоўны герой гэтай кнігі – гэта Шабаны. І, безумоўна, галоўны герой гэтай кнігі – гэта я сам, Альгерд Бахарэвіч. Кніга вельмі аўтабіяграфічная. Яшчэ ніколі я не пісаў настолькі аўтабіяграфічнай прозы”, - кажа пра раман сам аўтар.


На працягу амаль дзвюх гадзінаў Альгерд Бахарэвіч чытаў урыўкі з раману пад візуальны шэраг Шабаноў – мінскіх і гамбургскіх…  Пісьменнік жыве ў Гамбургу разам з жонкай і дачкой.

Новая кніга Бахарэвіча не толькі пра мінскія Шабаны. Яна таксама пра гамбургскія Шабаны, і пра іншыя Шабаны, што ёсць у свеце. Прысутныя на прэзентацыі людзі пачалі высвятляць, хто таксама з Шабаноў. Узнялося рук 10… “А з Сухарава?” І пачалася “пераклічка”.

“Галоўны сюрпрыз будзе ў тым, што я пакажу тое, чаго ніколі яшчэ не паказваў!”, - яшчэ да прэзентацыі рамана паабяцаў Бахарэвіч у інтэрв’ю “Будзьма”. Пісьменнік стрымаў слова. Гэтым вечарам ён быў надзвычай шчыры. Распавёў нават, што збіраўся скончыць жыццё… самагубствам.


Бахарэвіч: “Я не ведаю, як у вас хапае сілаў і трываласці жыць тут [звяртаецца да аўдыторыі-Еўрарадыё]. Я вельмі вас паважаю і захапляюся. Я з’ехаў не па грошы, а па свабоду. У пачатку 2007 года, калі я з’язджаў, я быў на мяжы знікнення. Я быў на мяжы самагубства. Пры гэта можна напісаць не адну кніжку… Я вырашыў, што не магу – у мяне ёсць дачка, мне трэба заставацца, я хачу пісаць, я хачу жыць на свабодзе”.


Пры гэтым пісьменнік абверг чуткі, што ён палітуцякач.


Бахарэвіч: “Адкуль гэта ўзялося? Я меў стыпендыі, але палітуцекачом я ніколі не быў. Я проста жыву ў Нямеччыне, у мяне жонка студэнтка. Я здымаю кватэру ў Гамбургу, жыву як звычайны чалавек”.


Аўтар новага раману “Шабаны” прачытаў нават свой першы твор. “Гэта былі графаманскія вершы!”, - прызнаецца ён. Але сам верш я тут цытаваць тут не буду. Няхай сведкамі  шчырасці Бахарэвіча стануць толькі тыя, хто прыйшоў на прэзентацыю “Шабаноў”. Астатнія ж могуць пачытаць раман. І даведацца пра пісьменніка больш.  Кнігу можна набыць у кнігарні “Галіяфы” у “Падземцы”, а таксама ў Акадэмкнізе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі