Банкі пра рублёвыя ўклады: “Прыносяць і 200 мільёнаў рублёў”
Банкі павышаюць дэпазітныя стаўкі, а беларусы чакаюць падаражэння валюты і не спяшаюцца рабіць рублёвыя ўклады.
У “Белросбанку” стаўка па рублёвых дэпазітах дасягнула 57% гадавых. У іншых банках таксама працэнты растуць. Еўрарадыё высвятляла, ці панеслі беларусы свае рублі ў банкі.
“У нашым банку дэпазіты пад 48% у год. Ніякага шквалу няма. Пакрыху даведваюцца, цікавяцца. Спакойна, адначасова прыносяць і рублі, і валюты”, — распавядае супрацоўніца “Парытэтбанка”.
Паводле яе словаў, большасць укладаў захоўваецца ў валюце. А пераходзіць з валютных дэпазітаў на больш выгадныя рублёвыя беларусы не спяшаюцца, бо… не хочуць мяняць валюту. Ці чакаюць, калі яна падаражэе.
Супрацоўніца “Парытэтбанка”: “У рублях сёння выгадна. Але сёння курс такі, а раптам заўтра ён стане, як кажуць у народзе, 12 ці 20 тысяч рублёў? Большасць укладаў ўсё ж такі ў валюце. А лішніх рублёў на сёння ў насельніцтва таксама няма. Тады трэба здаваць валюту”.
У “Абсалютбанку” фізічныя асобы размяшчаць дэпазіты не могуць.
Супрацоўнік “Абсалютбанку”: “Па юрыдычных асобах я б не сказаў, што нехта шмат панёс у банкі. Буйныя кліенты могуць нешта чакаць”.
У “Абсалютбанку” кажуць, што рэсурсы перацякаюць з банка ў банк — туды, дзе прапануюць большы працэнт. І здзіўляюцца павелічэнню попыта на рублёвыя дэпазіты.
Супрацоўнік “Абсалютбанку”: “Я не ўяўляю, адкуль яшчэ могуць з’явіцца рублі: заробкі практычна не выраслі, а цэны падняліся ў разы”.
Тым часам у “ВТБ-банку” разам з павелічэннем працэнтаў па дэпазітах узрасла і колькасць жадаючых укладаць грошы ў рублях.
Супрацоўніца “ВТБ-банку”: “Сапраўды, назіраецца павелічэнне попыта на гэты від паслугаў. Стаўка даволі прывабная. Магчыма, хтосьці пераводзіць уклады”.
У “Дэльта-банку” таксама хапае тых, хто пераводзіць валютныя ўклады ў рублі. Ці проста робіць новыя.
“Дэльта-банк”: “Прыносяць і 30, і 40, і 50, і 100, і 200 мільёнаў рублёў, а нехта — мільён ці 500 тысяч рублёў. У каго колькі ёсць”.
Нейкага ажыятажу ў “Дэльта-банку” не заўважылі. Але кажуць, што колькасць жадаючых зрабіць уклад у рублях можа павялічыцца праз тыдзень, калі стаўка будзе павышана з 45% да 55%.
Фота: ebmw.ru