The Beatles Shabli апублікавалі карту фестывалю

Арганізатары The Beatles Shabli выклалі для азнаямлення карту фестывалю. Умоўна тэрыторыя фэсту разбітая на пяць вялікіх зон: кэмпінг, спартовая, дзіцячая, кірмаш і, натуральна, сцэна з танцполам.


“Кірмашная зона прадугледжвае не толькі гандаль сувенірамі, хэнд-мэйдам і розным “мерчам”, ― тлумачаць карту арганізатары Ян Бусел і Зміцер Шаўчук. ― То бок мы хочам, каб кірмаш быў такім, якім і мусіць ― з гандлем і забавамі. Напрыклад, забаўляць народ там будуць тэатр “Eye”, творчая майстэрня “Джокеры”, намёт “Еўрарадыё” і г.д.”.


Па прызнанні арганізатараў, штодзень ім паступаюць новыя прапановы з забавамі для наведвальнікаў фэсту, таму 17 аб’ектаў на апублікаванай карце ― далёка не мяжа.


Ужо цяпер бачна, што на першым беларускім оўпэн-эйры сезона сцэна і намётавае мястэчка сур’ёзна пасунуцца лявей ад ужо звыклых пазіцый на хутары. З’явіцца асобная мангальная зона ды вялікая дзіцячая пляцоўка.

Хэдлайнерамі першага беларускага фэсту ў сезоне будуць дзявочая ліверпульская чацвёрка The Beatelles, аўтэнтычна апранутыя сербы Bestbeat і расійскія баяністы Puttin' On The Beatles Style. Таксама ў лайн-ап мерапрыемства заяўленыя беларусы The Toobes, Real Jazz Band, Artefact, The Apples і Dj Ezhaka.

Усе навіны фестывалю будуць з'яўляцца на сайце інфармацыйнага спонсара імпрэзы euroradio.fm.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі