Беларусь адхрысцілася ад паплечніка Бакіева з беларускім грамадзянствам?
Пайзулабека Рахманава у Казахстане злавілі кіргізскія міліцыянты.
5 верасня стала вядома, што яшчэ ў чэрвені ў Казахстане быў затрыманы грамадзянін Беларусі Пазыл Ташбаеў. Яго дагэтуль трымаюць у СІЗА горада Тараз. Еўрарадыё звязалася з беларускай амбасадай у Астане. Там гавораць, што вызваленнем Ташбаева не займаюцца.
“Мы гэтым пытаннем не займаемся. Інфармацыю ў СМІ бачылі, але яна не стала для нас прычынай, каб прадпрымаць нейкія дзеянні”, — расказвае Еўрарадыё сакратар беларускага пасольства ў Астане Алег Марозаў.
Дыпламат дадае, што звычайна пасля затрымання ў Казахстане беларускіх грамадзян у наша пасольства звяртаюцца прадстаўнікі праваахоўных органаў гэтай краіны. У выпадку з былым паплечнікам Курманбека Бакіева гэтага не адбылося.
Пайзулабек Рахманаў.
У Міністэрстве унутраных спраў Казахстана з гэтым пагаджаюцца. Кажуць, што звычайна калі затрымліваюць грамадзяніна Беларусі, паведамляюць аб гэтым у МЗС, а яно ўжо звязваецца з беларускай амбасадай. Але ў дадзеным выпадку гэтага не адбылося. Сапраўднае імя Ташбаева — Пайзулабек Рахманаў. За часамі Курманбека Бакіева ён займаў высокую пасаду ў Кыргызстане. У МУС гэтай краіны мне гавораць, што шукалі Рахманава больш за год.
“Ён у вышуку па двух артыкулах: злоўжыванне службовым становішчам і службовы падлог. У вышуку ўжо больш за год знаходзіцца”.
“Свеціць” Рахманаву да сямі гадоў з канфіскацыяй. Не дзіва, што уцёк з Кыргызстана ён адразу пасля красавіцкіх падзей 2010 года. Да рэвалюцыі ён загадваў “Дзяржаўнымі матэрыяльнымі рэзервамі” Кыргызстана. Размяркоўваў па краіне харчаванне і абсталяванне.
Пасля ўцёкаў у Кыргызстане так і не паказаўся. Затрымалі былога “заўгаса” Бакіева 15 чэрвеня на казахска-кіргізскай мяжы падчас сумеснай спецаперацыі.
“Рахманава затрымлівалі праваахоўныя органы дзвюх краін. У нас ёсць Упраўленне крымінальнага вышуку. І вось яго супрацоўнікі ездзілі ў Казахстан”.
Але вывезці у Кыргызстан не змаглі. Былы паплечнік Бакіева паказаў аператыўнікам беларускі пашпарт на імя Пазыла Ташбаева. Свабоду яму гэта не вярнула, але праблем міліцыянтам Казахстана і Кыргызстана дадало. Цяпер яны правяраюць, ці насамрэч Рахманаў стаў грамадзянінам Беларусі. Калі пашпарт будзе сапраўдным, то выдачы Рахманава можа запатрабаваць ужо Мінск.
“Так. Вось цяпер менавіта гэта мы правяраем. І не ведаю, як будзе вырашанае пытанне. У яго насамрэч знайшлі беларускі пашпарт, выдадзены ў 2011 годзе і на іншае імя”.
Запыт у Беларусь накіравалі неўзабаве паля затрымання Рахманава. Адказу пакуль няма. Не дзіўна, калі ўзгадаць пра тое, што стала з беларуска-кіргізскімі адносінамі пасля пераезду ў Мінск Бакіева і адмовы ў яго выдачы. Паводле некаторай інфармацыі, былы кіраўнік Кыргызстана беларускі пашпарт атрымаў яшчэ ў 2010 годзе.
У першамайскім РАУС сталіцы, якое нібыта выдала кіргізскаму злачынцу беларускі пашпарт, мне гавораць, што грамадзянства можна атрымаць і за шэсць месяцаў. У адпаведных правілах знаходжу згадку пра тое, што каб атрымаць беларускі пашпарт, замежнік можа нават не паказваць дакументаў аб выхадзе з ранейшага. У тых выпадках, калі гэта немагчыма па нейкіх прычынах.
А ўвогуле, наша грамадзянства атрымаць можна за асаблівыя заслугі перад Беларуссю, патрэбную нашай дзяржаве прафесію, ці ў тым выпадку, калі гэта адпавядае інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Неабходныя паперы падпісвае асабіста кіраўнік краіны.
“Ён у вышуку па двух артыкулах: злоўжыванне службовым становішчам і службовы падлог. У вышуку ўжо больш за год знаходзіцца”.