Belarus Connection — калі беларусы будуць жыць як галандцы?
У міжнародны дзень правоў чалавека, 10 снежня, у Амстэрдаме зладзілі мерапрыемства "Belarus Connection".
У міжнародны дзень правоў чалавека, 10 снежня, у Амстэрдаме зладзілі мерапрыемства "Belarus Connection", дзе паспрабавалі спланаваць збліжэнне грамадстваў Беларусі і Нідэрландаў.
"Нашай ідэяй было далучыць Галандыю да развіцця Беларусі. Мы вырашылі арганізаваць гэтае мерапрыемства тут ў Амстэрдаме, бо Галандыя з'яўляецца другім буйным эканамічным партнёрам Беларусі", — распавёў арганізатар "Belarus Connection", былы наш суайчыннік Дзмітрый Савелаў.
Хоць Галандыя і знаходзіцца ўсяго праз дзве краіны ад Беларусі, але галандцы ведаюць пра нашае існаванне вельмі мала. Уразіла гасцей і тое, што Беларусь настолькі большая за Нідэрланды, гэтакая Terra Incognita.
"Ды нічога не ведаюць яны пра Беларусь! Таму для нас знаёмства і стала прыярытэтам. Мы збіраем прадстаўнікоў розных сфер грамадства — ураду, рэлігіі, грамадзкіх актывістаў, бізнэсу, адукацыі. Палова нашай аўдыторыі — арганізацыі, якія ўжо працуюць з Беларуссю. Мы хочам зразумець, як нам найлепш супрацоўнічаць, якія праекты рабіць разам, каб яны былі як мага больш эфектыўнымі з пункту гледжання дэмакратычнага развіцця Беларусі", — кажа Дзмітрый Савелаў.
Палітычны дыялог між нашымі краінамі пашыраецца. І, як паведамляе пасольства РБ у Каралеўстве Нідэрланды, важнымі сферамі супрацоўніцтва з'яўляюцца сельская гаспадарка, лагістыка, высокія тэхналогіі.
"Belarus Connection" наведалі і звычайныя маладыя галандцы, якія былі ўражаныя, што такая блізкая да іх краіна адначасна такая далёкая.
Пра вялікую розніцу паміж намі гаварыў філосаф Аляксандр Грыцанаў, якога арганізатары запрасілі паўдзельнічаць у мерапрыемстве.
"Адныя ўрады вылучаюць шмат сродкаў, каб людзей збянтэжыць, збяглуздзіць, адурманіць, як ў Беларусі. Напрыклад, калі нейкае прадпрыемства 10 гадоў стратнае, на яго вылучаюцца сродкі, каб рабочыя там заставаліся бязглуздымі. Галандскі ўрад робіць з дакладнасцю наадварот. Для мяне гэта было навіной. Я ўбачыў у гэтым нейкі курс", — распавёў Аляксандр Грыцанаў.
Беларускі філосаф звярнуў увагу на тое, як у Галандыі выхоўваецца моладзь і якое яна мае значэнне ў краіне.
"Што мне больш за ўсё спадабалася, дык гэта тое, што моладзь вучыць дарослых, а не толькі дарослыя моладзь. Для мяне важна тое, што б магло дапамагаць адукацыі моладзі ў палітычнай галіне. Таму што мы маем вельмі нядобры шанец страціць нашу моладзь школьнага веку", — падзяліўся з Еўрарадыё Аляксандр Грыцанаў.
На "Belarus Connection" паказвалі фільмы і здымкі пра нашу краіну. Распавядае Дзмітрый Савелаў:
"Першая частка акцыі — гэта медыя-галерэя пра Беларусь, дзе былі разнастайныя фільмы, фотавыставы. Была і галерэя ініцыятыў, што працуюць у беларуска-галандскай сферы. Другая частка — дзве панельныя дыскусіі. Першая тычылася стратэгій галандскай палітыкі ў дачыненні да розных краін. А другая — канкрэтна стратэгіі развіцця стасункаў паміж Галандыяй і Беларуссю. Было абмеркавана, якія сферы важныя для Беларусі з пункту гледжання дэмакратыі і ўстойлівых дэмакратычных рэформ".
Цяпер варта чакаць вынікаў праектаў, які рыхтаваліся падчас мерапрыемства. Удзельнікі выказалі думку, што пры пэўных высілках праз колькі дзясяткаў год Беларусь наблізіцца да ўзроўню жыцця ў Галандыі.
Даведка Еўрарадыё: мерапрыемства арганізаванае пры падтрымцы моладзевага адукацыйнага клуба "New Line Club".
Клуб быў заснаваны ў 1999 годзе з мэтай стварыць адукацыйную альтэрнатыву.
"New Line Club" выкарыстоўвае разнастайныя он-лайн тэхналогіі, арганізоўвае семінары, летнія лагеры для маладых беларусаў.
Фота і відэа: www.worldconnectors.nl, Wikipedia.