Беларусь згубіла за год 381 тысячу кароў, але іх стала больш на 1,7%
Еўрарадыё разабралася ў дзівосах беларускай статыстыкі.
Прэм’ер Мясніковіч кажа, што ўпершыню ў Беларусь у 2011 годзе прыйшло на 1,5 мільярды долараў больш, чым мы аддалі за мяжу. І гэта пры адмоўным гандлёвым сальда! Паводле Белстату, рэальныя заробкі ўвесь час растуць, хаця і падаюць… А кароў у краіне стала болей, хаця прэм’ер кажа, што за год Беларусь згубіла 381 тысячу кароў.
Як такое можа адбывацца, высветліла Еўрарадыё.
Хаця Беларусь і згубіла за год 381 тысячу кароў, іх стала больш на 1,7%, - сцвярджае Белстат.
За 2011 год Беларусь згубіла больш за чвэрць кароў, - упэўнены прэм’ер міністр Міхаіл Мясніковіч: “За год мы згубілі 381 тысячу кароў, або 28,7% стада”.
Дзіўна, але ў Белстата зусім іншая інфармацыя!
“Пагалоўе кароў за год павялічылася на 1,7%”, - сцвярджае сайт Камітэта.
Еўрарадыё высветліла, хто ж мае рацыю. Аказалася, што ўсе.
“Я не вельмі разумею, чаго ў яго паменшылася… Чаму мы іх згубілі, калі наадварот стала больш?...” - разгубілася начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі Белстат Ірына Паляшчук.
Белстат заклікае выкарыстоўваць іх лічбы, а не прэм’ера! Але пасля разважанняў на тэму, чаму ж кароў стала менш… знаходзіць адказ.
Белстат: “Маецца на ўвазе, што статак мог быць яшчэ большым на 381 тысячу! Недаглядзелі, магчыма, быдла. Прабачце, дзесьці пастух напіўся, а на кароў напалі ваўкі. Асабліва ў Гомельскай вобласці, таму што там Чарнобыль, іх там шмат развялося… Ці па недаглядзе. Атрымліваецца, што карова зламала нагу, яе нельга лячыць, і яе прыразаюць…”
Калі б усё даглядзелі, то яшчэ б магло быць кароў больш на 381 тысячу, - тлумачць Ірына Паляшчук.
Атрымліваецца, што з каровамі ў Беларусі так жа, як і с заробкамі. Рэальныя заробкі беларусаў таксама увесь час растуць, хаця і падаюць.
Падчас свайго выступу перад жыхарамі Гомельшчыны прэм’ер міністр Мясніковіч агучыў яшчэ цікавую лічбу. І гэта не планы на наступны год!
Мясніковіч: “Упершыню за доўгі час у Беларусь у 2011 годзе прыйшло на 1,5 мільярды долараў ЗША больш, чым мы аддалі знешняму свету! Экспарт перавысіў 46 мільярдаў долараў ЗША, што на 24% больш гістарычнага максімуму ”.
Якім чынам магло прыйсці ў краіну на 1,5 мільярды долараў больш пры адмоўным сальда?
Ва ўпраўленні статыстыкі гандлю Белстат за Мясніковіча не адказваюць. І спяшаюцца нас супакоіць, што гандлёвае сальда ў Беларусі па-ранейшаму… адмоўнае.
Белстат: “Я ж не ведаю, які сэнс Міхаіл Уладзіміравіч укладваў у свой выступ. Магчыма, ён штосьці іншае меў на ўвазе. Але тое, што баланс адмоўны – гэта я вам кампетэнтна кажу… Магчыма, ён казаў пра тое, што ў Беларусі склаўся вялікі экспарт. Тэмпы росту экспарту сталі нашмат большымі, чым тэмпы росту імпарту. Раней было наадварот. Заўсёды тэмпы росту імпарту перавышалі тэмпы росту экспарту”.
Нагадаю, адмоўны гандлёвы баланс у 2011 годзе склаўся на ўзроўні 5,5 мільярдаў.