Беларусаў больш за ўсё хвалюе будаўніцтва АЭС і падаражэнне іншамарак
У Байнэце з’явілася новая дыскусійная пляцоўка. У межах кампаніі “Народная праграма” эксперты і проста зацікаўленыя людзі абмяркоўваюць важныя для краіны тэмы.
Адзін з экспертаў кампаніі палітолаг Юры Чавусаў кажа, што такую пляцоўку чакалі даўно:
“У беларускім інтэрнэце ёсць даволі шмат сайтаў, куды людзі прыходзяць, каб паспрачацца. Дзіўна, што дагэтуль ніхто не стварыў спецыяльнай дыскусійнай пляцоўкі, дзе б экспертныя веды маглі сутыкнуцца з меркаваннямі грамадзянаў або людзей, якія звонку лічаць сябе спецыялістамі ў пэўнай галіне”.
Сярод найбольш папулярных тэмаў, якія абмяркоўваюцца на сайце www.pragrama.by, — будаўніцтва АЭС, скарачэнне колькасці міністэрстваў ды іншыя. Пра гэта распавёў эксперт “Народнай праграмы” палітолаг Андрэй Ягораў:
“Актыўна абмяркоўваюцца таксама ўвядзенне прыватнай уласнасці на зямлю, скасаванне дамовы аб саюзнай дзяржаве з Расіяй і ўступленне ў ЕС. Розныя тэмы маюць розную кантрастнасць. Па некаторых тэмах ва ўдзельнікаў дыскусіі існуе поўная згода… Амаль усе лічаць, што Беларусь павінна заявіць пра сваё жаданне далучэння да ЕС. Ёсць і кантраверсіўныя пытанні. Сярод такіх тэмаў можна адзначыць тэму пра легалізацыю прастытуцыі”.
Кожная тэма мае магчымасць рэйтынгавацца на самім сайце. Наведнікі сайту могуць пазначаць яе як больш ці менш важную.