Беларускага следчага-ўцекача выпусцілі з польскай турмы
Польскія ўлады, верагодна, не будуць дэпартаваць яго ў Беларусь. Пра гэта Еўрарадыё стала вядома з уласных крыніц.
Адразу пасля вызвалення былы следчы з Жодзіна Андрэй Пыжык паведаміў Еўрарадыё, што допыт у акруговай пракуратуры быў фармальны, доўжыўся 40 хвілін. Як выявілася, хоць беларускі бок унёс Пыжыка ў спіс Інтэрпола, аднак не даслаў Польшчы дакладныя абвінавачванні.
Пыжык: "Няма канкрэтных матэрыялаў, па якіх можна судзіць, дапытваць. На гэтым пакуль усё і спынілася".
Нагадаем, што Андрэй Пыжык са сваёй сям'ёй з'ехаў з Беларусі некалькі гадоў таму. Ён закрыў крымінальную справу на апазіцыянера, за што быў звольнены з міліцыі. Тады ж на следчага пачаўся ціск.
Знаходзячыся за мяжой, Пыжык распавядаў у інтэрв'ю пра сутнасць праваахоўнай сістэмы ў Беларусі. У Польшчы ён папрасіў палітычнага прытулку, аднак прытулак не даюць ужо больш за 5 гадоў.
Пыжыка арыштавалі 5 чэрвеня. У польскую паліцыю прыйшлі дакументы на яго экстрадыцыю ў Беларусь.
На фота — Андрэя Пыжыка пасля вызвалення сустракае жонка