Беларуская АЭС падаражэла ў 4 разы, а экспартаваць энергію перадумалі

“Мы будуем АЭС, каб зрабіць канкурэнтаздольнай нашу эканоміку. Яна будзе працаваць на эканоміку Беларусі. Калі будуць лішкі, агулам у міксе па краіне, калі складуцца рынкі — будзем экспартаваць. Бо нам складана прабіцца на знешнія рынкі з-за газу. Ён даражэе і мы ўжо неканкурэнтаздольныя”, — кажа Міхаіл Міхадзюк.

А цяпер пакорпаемся ў гісторыі. 2010 год. Кіраўнік краіны перад прэзідэнцкімі выбарамі едзе ў Літву і… абяцае энергію з Астравецкай АЭС літоўцам. Значыць, тады рынкі былі…

Аляксандр Лукашэнка: “Калі мы будзем будаваць атамную станцыю то, калі ласка, давайце разам. Бо калі мы пабудуем адны, то вы непазбежна будзеце набываць электраэнергію з гэтай станцыі”.

Той жа 2010 год, міністр энергетыкі плануе павялічыць экспарт электраэнергіі праз развіццё цеплавых сетак і іх рэканструкцыю. То бок без АЭС экспарт магчымы, а з АЭС – не?

А намеснік міністра Міхаіл Міхадзюк у той жа год прапануе… экспартаваць электраэнергію ў Польшчу.

Міхадзюк: “З польскага боку прапрацоўваюцца пытанні будаўніцтва міждзяржаўнай лініі. Гэты праект прапануе стварэнне тэхнічнай магчымасці для павелічэння ў перспектыве экспарту электраэнергіі ў суседнія дзяржавы”.

І нават летам 2012 энергію з Астравецкай станцыі яшчэ планавалі прадаваць. Прафесар Інстытута бесперапыннай адукацыі БДУ, намеснік старшыні “Беларускай прамысловай асацыяцыі” Георгі Грыц падчас брыфінга бачыць у Беларусі экспарцёра энергіі.

Георгі Грыц: “У сярэднетэрміновай перспектыве гэты праект дастаткова цікавы для Беларусі. Фактычна, Беларусь ператвараецца ў экспарцёра энергетыкі”.

Што ж змянілася за гэтыя некалькі месяцаў… Планы па экспарце энергіі, якую будзе выпрацоўваць станцыя, нагадваюць рост коштаў на АЭС.

У 2005 годзе намеснік старшыні “Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў “Сосны” Анатоль Якушаў называе кошт АЭС у 2,5 – 3 мільярды долараў.

Ужо праз год у Міхаіла Мясніковіча сума большая — 3,5 мільярда долараў. Яшчэ праз год міністр фінансаў Мікалай Корбут гаворыць пра 4 мільёны.

І ў 2009 годзе мы просім у Расіі 9 мільярдаў на АЭС. Гэта, каб “паменшыць залежнасць ад расійскіх энергарэсурсаў”. Пры тым, што станцыю будуць будаваць расіяне, адпаведна яны ж будуць прадаваць паліва для яе. І дзе мы памяншаем залежнасць….

А сёлета Аляксандр Лукашэнка кажа, што крэдыт на АЭС зацягнуў на 10 мільярдаў. Зноў падаражэла: за 7 гадоў у 4 разы.

На фота - макет АЭС з  Музею беларускай дзяржаўнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі