БелАЭС забяспечвае каля 40% ад патрэбы Беларусі ў электраэнергіі
Беларуская АЭС
Два энергаблокі БелАЭС забяспечваюць каля 40% ад патрэбы Беларусі ў электраэнергіі. Гэта "выводзіць Беларусь у лік сусветных лідэраў па долі атамнай генерацыі ў агульным энергабалансе краіны", распавядае намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы персаналу — начальнік навучальна-трэніровачнага цэнтра РУП "Беларуская атамная электрастанцыя" Аляксандр Ерын.
"Усяго з моманту сінхранізацыі турбагенератара першага энергаблока БелАЭС з энергасістэмай Беларусі выпрацавана звыш 23 млрд кВт.гадз электраэнергіі", — дадае атамшчык.
Reform.by заўважае, што эксперты ацанілі выдаткі на ўзвядзенне і запуск БелАЭС у 6,84 млрд долараў. У гэтую суму ўваходзяць не толькі сродкі расійскага крэдыту, але і інвестыцыі Беларусі ў інфраструктуру, неабходную для функцыянавання станцыі.
Лукашэнка па-ранейшаму выказвае надзею прадаваць электраэнергію, якая выпрацоўваецца БелАЭС, Літве і Латвіі. Ён упэўнены, што яны пагодзяцца на гэта праз выгадную цану. Аднак прынамсі ў Літве атамную электрастанцыю ў Астраўцы, менш чым за 40 км ад Вільні, лічаць пагрозай, а не магчымасцю зэканоміць.
Днямі Святлана Ціханоўская на Кангрэсе еўрапейскіх "зялёных" казала пра ядзерны шантаж з боку рэжыму: "Спачатку Лукашэнка пабудаваў на мяжы Еўрасаюза атамную электрастанцыю, якая ігнаруе нормы бяспекі. Цяпер жа на нашай тэрыторыі ён размясціў расійскую ядзерную зброю. Гэта трэба спыніць".
"Нам неабходна дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў і пазбавіцца гэтай ганебнай залежнасці ад расійскага выкапнёвага паліва", — дадала яна. Кангрэс "зялёных" праходзіў у Ліёне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.