Мікрабюджэтным беларускім фільмам зацікавіліся на фестывалі ў Котбусе
Кадр са стужкі "Лебядзіная песня Фёдара Озерава"
Фільм рэжысёра і аніматара Юрыя Сямашкі "Лебядзіная песня Фёдара Озерава" адабралі для ўдзелу ў сесіі Work-in-Progress на фестывалі ў Котбусе. Ён трапіў у конкурс Coco для праектаў, якія знаходзяцца на стадыі вытворчасці. Сам фестываль у Котбусе праходзіць ва Усходняй Германіі і арыентаваны на аналіз кіно з постсавецкай прасторы і краін Варшаўскай дамовы.
Пра гэта паведаміла арганізацыя Belarusian filmmakers network, якая дапамагла праекту рэалізавацца. Ён удзельнічаў у інкубатары мікрабюджэтнага кіно, фіналісты якога атрымлівалі невялікія грошы (2,5 тысяч еўра) на рэалізацыю праекта.
Галоўным героем фільма стане музыкант, які на фоне чутак пра пачатак Трэцяй сусветнай вайны становіцца апантаны пошукамі швэдара, у якім, як ён думае, да яго прыходзіць натхненне.
Юрый Сямашка вядомы перш за ўсё як аўтар незалежных кароткаметражных фільмаў, якія ўзнагароджвалі на беларускіх кінападзеях: "Нефільтраванае кіно", "Бульбамуві", "Глядач", прэмія "Чырвоны верас" і г.д. "Лебядзіная песня Фёдара Озерава" яго дэбютны поўнаметражны фільм.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.