Беларускі пашпарт паплечніка Бакіева апынуўся фальшывым
Пра гэта паведамілі праваахоўнікі Кыргызстану.
Нагадаем, што 30 студзеня з Казахстана быў экстрадзіраваны Пайзулабек Рахманаў. Пры сабе ён меў беларускі пашпарт на імя Пазылы Ташбаева, нібыта выдадзены ў Мінску. Цяпер справай Рахманава займаецца Камітэт нацыянальнай бяспекі Кыргызстану.
Другі сакратар амбасады Беларусі ў Бішкеку Міхаіл Карачун заявіў Радыё "Свабода", што амбасада не разглядае Рахманава як беларускага грамадзяніна і, адпаведна, не будзе аказваць яму прававой ды консульскай дапамогі.
Рахманава вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Джалал-Абадзе, дзе ён пэўны час быў губернатарам, а таксама ў карупцыі. Пры прэзідэнце Бакіеве ён займаў пасаду кіраўніка агенцтва па матэрыяльных рэзервах.