Беларусы гатовыя ездзіць аўтаспынам, але не на край свету

111019 Zybliuk Taburet_1.mp3

Большасць беларусаў не гатовыя кардынальна мяняць сваё жыццё. Да такой высновы прыйшло Еўрарадыё, апытаўшы наведвальнікаў выставы “З табурэтам праз кантыненты”, якая адкрылася ўчора ў галерэі “Ў”. Прычыны, якія стрымліваюць маладых людзей пусціцца ў прыгоды, у асноўным банальныя: праца, сям’я, вучоба.

“Мая прафесійная дзейнасць, сям’я, і грошы, напэўна патрэбныя”, - кажа дзяўчына. Хлопец побач дадае: “Не ведаю, можа, таксама стрымлівае прафесійная дзейнасць, бо нельга паставіць усё на самацёк. А можа нейкая адсутнасць смеласці”.

Апроч працы, сям’і ды вучобы, некаторыя маладыя беларусы, як высветлілася, занадта любяць сваю краіну, каб некуды падацца. Аднак ёсць і смельчакі.

Хлопец-дыджэй: “Мне падабаецца дома бавіць час, напрыклад, за кніжкамі. Максімум, куды я ездзіў, гэта да бабулі, напэўна. Таму, не ведаю, што мяне пакуль стрымлівае. Увогуле, мне добра тут”.

Яшчэ адна наведвальніца выставы апынулася куды смялейшай: “А я б змагла! Мне толькі патрэбны час і ўсё! Я, мабыць, хацела б у Азію. Я люблю сланоў”.

Чамусьці найвялікшае ўражанне на частку наведвальнікаў выставы зрабілі фота з Мексікі. І хоць большасць намі апытаных збіраецца ў бліжэйшы час вучыцца ды працаваць у Беларусі, вандраваць яны любяць менавіта аўтаспынам.

Дзяўчына-студэнтка: “Больш за ўсё Мексіка спадабалася, падпісана ўсё вельмі файна пра тое, як яны ехалі спынам. Вельмі цікава. Я таксама люблю ездзіць спынам.

Нагадаем, сябры Еўрарадыё Жэня Манцэвіч і Ўладзіслаў Юркоў разам з яшчэ некалькімі беларусамі, украінцамі і расіянамі выправіліся ў творчую вандроўку, якая называлася “З табурэтам да акіяну”. Табурэт з беларускай кухні, кажа Ўладзіслаў Юркоў, стаў для падарожнікаў сімвалам свабоды.

Ўладзіслаў Юркоў: “Калі кухня – гэта наша беларуская плошча Свабоды, то табурэт – гэта статуя Свабоды, той магічны прадмет, які дае людзям сілы думаць свабодна і марыць услых. Разам. І, магчыма, гэта занадта проста, але можна ўзяць гэты магічны прадмет, з якім табе добра, на якім ты адчуваеш сябе свабодна, і разам з ім пайсці, куды хочаш. Ну а мы захацелі найдалей”.

Экспедыцыя цягнулася роўна год. За гэты час яе ўзельнікі праехалі аўтаспынам і прайшлі пешшу амаль 30 тысяч кіламетраў, наведалі 14 краін, вывучылі некалькі моваў, пазнаёмілі чужаземцаў са сваёй культурай і аднеслі табурэт на бераг Атлантычнага акіяну ў самай паўднёвай кропцы свету – аргентынскім горадзе Ўшуая. Жэня і Ўладзіслаў – адзіныя беларусы, якія дайшлі да мэты, спадзяюцца, што знойдуцца людзі, якія скарыстаюцца іх досведам. Пра гэта разважае і спявачка Руся.

Руся: “Каб стартануць у такую вандроўку вакол свету, трэба набрацца смеласці і раптоўна абарваць усе нітачкі, якія цябе прымушаюць заставацца тут, кшталту працы, сям’і іншых абавязкаў. Вось, Верасень з Літотай вельмі смелыя. Я ім нават зайздрошчу і вельмі захапляюся іх досведам: вось яны ўзялі і паехалі. Класныя! Я б таксама хацела”.

Выставу “З табурэтам праз кантыненты”, якая сабрала самыя цікавыя моманты вандроўкі па Паўночнай і Паўднёвай Амерыкам, Ўладзіслаў Юркоў плануе паказаць у сваёй роднай школе ў маленькай вёсцы Сялец, што ў Быхаўскім раёне.

Ўладзіслаў Юркоў: “Мне б было вельмі цікава школьнікам паказаць гэтую выставу. Паказаць, што ўсё магчыма, што не важна, адкуль ты пачынаеш, а пачынаць можна з вельмі маленькіх месцаў”.

На шчасце, напрыканцы апытання Еўрарадыё натрапіла на абсалютна вольнага чалавека, які з радасцю выправіцца на край свету.

Вольны чалавек: “Ой, вось мне ўвогуле абсалютна нішто не перашкаджае! І зараз я падумаў, што будзе добра можа ў наступным годзе з’ездзіць у Паўднёвую Амерыку”.

Выстава працягнецца да 18 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі