Бухвостаў практыкуе асаны, а Семянюк збірае каробкі ад запалак

111122 Eurafokus.mp3

Старшыня беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін любіць гатаваць. Асноўныя навыкі палітык пераняў у сваёй маці.

Сяргей Калякін: “Цяжка сказаць, адкуль яно з’явілася. Калі былі маленькія, маці ў сям’і добра гатавала. Нейкі час нават працавала ў абшчэпіце. У нас была вялікая сям’я, разам са мной жылі яшчэ 4 браты. Маці гатавала, і мы прымалі ў гэтым удзел. Шматлікія навыкі я пераняў у яе”. 

Сяргей Калякін кажа, што на любімую справу амаль не застаецца часу. Таму ў яго сям’і больш гатуе жонка. І распавядае

Еўрарадыё, якія стравы любіць больш за ўсё.

Сяргей Калякін: “Ой шмат. Гэта і рыба, і мяса, і можа быць, салянка мясная. Можа і блінчыкі з мясам, і грыбы. Усе залежыць ад настроя і што хочацца зрабіць. І якія прадукты ёсць у наяўнасці. Зараз, дапусцім, бараніну зусім не цягнем. Хаця з бараніны можна гатаваць вельмі смачныя стравы”.

А вось сакратар управы партыі БНФ Сяржук Семянюк можа пахваліцца больш экзатычным хоббі. Ён збірае каробкі ад запалак.

Сяржук Семянюк: “У прынцыпе удакладніць, што не толькі каробкі, але і этыкеткі ад іх. Бо да 80-х гадоў каробкі рабіліся такім чынам, што зверху клеілася этыкетка. Таму было прынята раней збіраць этыкеткі”.

Зараз у калекцыі Сяржука Семянюка каля 10 тысяч каробак. Каб гэта ўсё захоўваць, жонка падарыла Сяржуку на гадавіну вяселля адмысловую шафу. Цяпер баіцца, каб не давялося выдзяляць пад калекцыю адмысловы пакой.

Сяржук Семянюк: “Бываюць розныя: палітычнага зместу, выключна рэкламныя, з вельмі дрэннай якасці макетам. Ёсць рэдкія серыі 50-60х гадоў. Украінскія часоў памаранчавай рэвалюцыі “Міліцыя з народам”. Вельмі рэдкія. Мала дзе сустракаў крамя сваёй калекцыі. Таксама ёсць запалкі, на якіх друкавалася рэклама палітычных партый”.


А прафсаюзны дзеяч Аляксандр Бухвостаў каля 30 гадоў практыкуе йогу. Такое захапленне з’явілася яшчэ ў маладосці.

Аляксандр Бухвостаў: “Заўсёды цікавіўся ўсходняй філасофіяй, яшчэ ў маладосці.Ну і цікавіўся гэтымі сістэмі аздараўлення. Гэта цяжка казаць па тэлефоне. Гэта не толькі фізічныя практыкаванні. Гэта яшчэ ўнутраная праца над свядомасцю. Гэта жыццё! Для еўрапейскага жыхара цяжка асвойваць йогу так, як асвойваюць яе ў Індыі”.


Тым не менш Аляксандр Бухвостаў кожны дзень робіць некалькі асан.  І кажа, што дзякуючы йозе атрымоўваецца пазбегнуць хваробаў і добра сябе адчуваць.

Фота: estaticos.elperiodico.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі