Бунтаўшчыка з "Граніта" аднаўляць на працы не збіраюцца
Адміністрацыя прадпрыемства адмаўляецца ад каментароў.
Справу кіраўніка суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза прадпрыемства “Граніт” Алега Стахаевіча працягвае разглядаць суд Лунінецкага раёна. Звольнены з парушэннямі Стахаевіч патрабуе ад былога працадаўцы аднавіць яго на працы і спыніць ціск на ўдзельнікаў незалежнага прафсаюза.
На апошнім пасяджэнні суддзя і пракурор дазволілі сакратару незалежнага прафсаюза гарнякоў Анатолю Літвінку прадстаўляць у судзе інтарэсы Стахаевіча, што прыемна здзівіла Анатоля.
“Суд зацвердзіў, і пракурор быў не супраць, каб я прадстаўляў на пасяджэнні інтарэсы Алега. Адказчыка гэта вельмі здзівіла. Я і сам здзівіўся. Бо гэта сведчыць пра тое, што суд прызнае мае паўнамоцтвы на абарону прадстаўніка незалежных прафсаюзаў”, – распавядае Еўрарадыё сакратар прафсаюзнай суполкі.
Аднак, па словах самога Стахаевіча, нягледзячы на тое, што часамі здаецца, што суд прымае бок пазоўніка, суддзя некалькі разоў адхіліў яго хадайніцтва да адказчыка, у якім былы кіроўца “БелАЗа” прасіў прадставіць поўны спіс вакансій на прадпрыемстве. Стахаевіч лічыць, што ён мае на гэта права.
Алег Стахаевіч: “Мы ў трэці раз прасілі адказчыка прадставіць увесь спіс вакансій на момант майго звальнення. Таму што ёсць прычына меркаваць, што мне быў прадстаўлены не поўны спіс, усяго 22 вакансіі. І ўсе былі падабраныя так, каб мне не падыходзілі”.
Што праўда, тады адна вакансія са спіса Стахаевічу падышла, толькі адміністрацыя “Граніта” зрабіла так, каб Алег на прадпрыемства не вярнуўся, мяркуе Анатоль Літвінка.
Анатоль Літвінка: “У гэтым спісе была вакансія “памочнік машыніста свідравальнай ўстаноўкі”. Стахаевіч добра знаёмы з працэсам свідравання, ён ў свой час скончыў Салігорскі тэхнікум, мае вышэйшую адукацыю горнага інжынера. Таму мяркую, што ён цалкам падыходзіць для гэтай працы. Аднак адміністрацыя прадпрыемства вырашыла, што Алег не можа быць дапушчаны да яе выканання”.
Як мяркуе Алег Стахаевіч, адміністрацыя “Граніта” мае наконт яго прынцыповую пазіцыю, і зробіць усё, каб на працы яго не аднавіць. Такія высновы можна было зрабіць і з паводзін юрыста “Граніта”, які на судзе бараніў інтарэсы прадпрыемства.
Алег Стахаевіч: “Было бачна, што адказчык з “Граніта” мае сваю ўстаноўку. Ён адхіляў усе нашы хадайніцтвы. Не згаджаўся з намі ні ў чым”.
Падтрымаць Стахаевіча ў судзе прыехала каля 40 удзельнікаў незалежных прафсаюзаў.
“Былі людзі з Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў, Свабоднага прафсаюза металістаў, цэлы аўтобус прыехаў з незалежнага прафсаюза з “Беларуськалія”. Вельмі прыемна адчуваць такую падтрымку. Мне нават тэлефанаваў сябар з Ірландыі, казаў, што бачыў рэпартаж пра нашы падзеі па тэлевізары”, - кажа Алег.
Сярод тых, хто прыехаў падтрымаць Алега Стахаевіча, быў і прэс-сакратар Беларускага незалежнага прафсаюза Раман Ярашэня. На судзе яго здзівіла прысутнасць пракурора, а таксама ўпартасць адказчыкаў.
Раман Ярашэня: “Звычайна на працоўных судовых пасяджэннях не бывае пракурора, а на гэтым прысутнічаў. Гэта для нас дзіўна. Адказчык упэўнены ў сваёй рацыі, што звальненне адбылося паводле закона. Аднак мы перакананыя, што яно было незаконным. Іначай мы б не падавалі скаргу ў суд”.
Адміністрацыя "Граніта" каментаваць сітуацыю адмаўляецца.
Наступнае пасяджэнне суда па справе Алега Стахаевіча прызначанае на 11-га красавіка.
Нагадаем, што кіроўцу “БелАЗа” з вышэйшай адукацыяй Алега Стахаевіча звольнілі з “Граніта”, калі ён узначаліў незалежны прафсаюз. Да гэтага ён не меў ніякіх спагнанняў і быў у ліку лепшых працаўнікоў.