Былы вязень Валекс Буяк: У наваполацкай калоніі жыць больш за месяц нельга

 Экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава скіравалі ў Наваполацкую калонію, куды раней прывезлі і 20-гадовага палітвязня Мікіту Ліхавіда, якога ўжо двойчы адпраўлялі ў карцэр. Еўрарадыё пацікавілася ў майстра ўсходніх адзінаборстваў, былога вязня Наваполацкай калоніі Валекса Буяка, якія там ўмовы і што б ён параіў палітвязням.

Валекс Буяк: "Калі я туды патрапіў, яна не была ні "чырвонай", ні "чорнай" зонай, а нешта сярэдняе. Камандавалі там то блатныя, то "менты", нейкі бардак быў. Гэта была самая "п’яная" зона, там не было праблемы дастаць алкаголь ці наркотыкі. Паколькі мяне гэта не цікавіла, я адтуль “збег”, то бок быў пераведзены сваімі шляхамі. Калі ўжо я быў на "Адзінцы", да нас адтуль сталі “уцякаць” натоўпамі, паколькі зону пачалі “ламаць”. І цяпер яна чырвоная, то бок кіруюць там…".


Еўрарадыё: Менты?

Валекс Буяк: "У блатных называецца “казлы”. Тыя, што ідуць на повадзе ў адміністрацыі — яны і правяць баль. Тым, хто не ладзіць з адміністрацыяй, кепска жывецца. Або трэба ладзіць з адміністрацыяй, або адтуль нейкім чынам пераводзіцца. У кожным выпадку я б параіў пераводзіцца. Я нагадаю гісторыю гэтай зоны. Калісьці гэта былі інтэрнаты, куды кіравалі “хімікаў”, і яны працавалі на Наваполацкім заводзе. Я, калі быў у арміі, таксама пабываў на наваполацкім заводзе. Жыць там больш за месяц нельга. Там столькі шкодных рэчываў у паветры, што немагчыма перадаць. Адтуль трэба ўцякаць усімі магчымымі спосабамі, праўдамі-няпраўдамі дамагацца пераводу ў іншую калонію. Прасядзець некалькі гадоў — гэта пасадзіць здароўе".


Еўрарадыё: А як гэта зрабіць?

Валекс Буяк: "Праз знаёмых, праз грамадскія арганізацыі дамагацца пераводу".

Еўрарадыё: Мікіту Ліхавіда два разы саджалі ў крацэр, таму што падчас пераклічкі ён называе свае імя-празвішча, не называе свайго артыкулу, затое называе сябе незаконна асуджаным. Арганізацыя ламае яго вось такім чынам. Што б вы яму параілі?

Валекс Буяк: "Гэта на зоне называецца “быкаваць”. Супраць адміністрацыі нічога не зробіш. Калі б гэта было ў часы, калі можна было б сабе зарабіць турэмны аўтарытэт — гэта б мела сэнс. Калі ён хоча зарабіць палітычны аўтарытэт — хай быкуе. Але зараз будзе сьпёка — у карцэры будзе невыносна. Ён здароўе падарве падвойна. Хай лепей падумае пра сябе, бо нельга так здзекавацца з сябе. Хопіць таго, што з нас так здзекуецца дзяржава".


Еўрарадыё: - Спадар Валекс, а што рабіць родным? Што перадаваць, куды звяртацца, каб дамагчыся пераводу?

Валекс Буяк: "Трэба звярацца ў Камітэт па выкананні пакаранняў з просьбаю перавесці кудысці бліжэй да радні, што, маўляў, далёка старым ездзіць. Ну, шукаць такія вось хады".


Еўрарадыё: Спадар Валекс, цяпер вельмі шмат палітзняволеных — больш за 40. Што ім рабіць, як паводзіць сябе з адміністрацыяй, як уліцца ў калектыў, сям’ю ці як гэта сказаць… вязняў?

Валекс Буяк: "У нашыя часы, у адрозненне ад сталінскіх, палітычных у турме паважаюць. Калі да блатных, няважна, якой яны масці, ставіцца з павагай, то будзе ўсё нармальна. Калі ўжо ідзеш насуперак адміністрацыі, шукай падтрымкі ў зэкаў, каб яны цябе хаця б маральна падтрымлівалі, штосьці там перадавалі. Аднаму ня выстаяць. Іх усіх раскідалі ў розныя зоны, а калі ў адну зонку, то ў розныя атрады, каб яны не бачыліся — гэта ўсё спецыяльна зроблена".


Еўрарадыё: Адміністрацыя цісне са свае волі, таму што такія правілы і беспакаранасць ці яшчэ прыходзяць ёй загады ціснуць — зверху, з Мінска.

Валекс Буяк: "Зверху бывае, я на сабе таксама адчуваў перыядычна. Там жа такія людзі ў адміністрацыі, што можна знайсці падыходы. Бандажэўскі нармальна сядзеў, я ведаю, яму нават камп’ютар выдзялілі. Клімаў сябе добра правёў, знайшоў нейкі ход да адміністрацыі, быў старшынём савета атраду, здаецца. Заўжды можна знайсці нейкія хады. Гэта не азначае, што ты згодны з уладай. Згодны з адміністрацыяй — не значыць, што ты згодны з уладай".


Даведка Еўрарадыё: Валекс (Валер) Буяк нарадзіўся ў 1956 годзе на Іўеўшчыне Гродненскай вобласці, адкуль паходзіць і Зянон Пазьняк. У 1988 г. заснаваў цэнтар баявых мастацтваў "Сэкай", навучаў каратэ і айкідо ў Мінску. У сярэдзіне 1990-х гадоў заснаваў некалькі фірмаў пад гандлёвай маркай "Сэкай" і сабраў больш чым мільён долараў у тысячаў укладчыкаў. У 1996 г. зладзіў у Мінску баі амаль без правілаў "Містэр Волат Сэкай". Летам 1996 года быў арыштаваны і атрымаў у 1999-м 10 гадоў зняволення. Вызваліўся у 2004 годзе па амністыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі