Чалы: Зместам 2012 года мусіць стаць дэмантаж “беларускага цуда”
З дапамогай эксперта Еўрарадыё прааналізавала чатыры эканамічныя планы беларускага ўрада. І не забылася пра пяты, які ўзнік пасля крытыкі з боку прэзідэнта.
Спрэчкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта і ўрадам наконт прагнозу эканамічнага развіцця на 2012 год не спыняюцца. Ад таго, на якую інфляцыю рубля ў 2012 годзе вырашыцца ўрад, залежыць наш з вамі дабрабыт. Якія варыянты ёсць ва ўрада? Чаму на іх не пагаджаецца Адміністрацыя прэзідэнта? Пра гэта ў праграме “Форум Беларусь”, мы размаўляем з незалежным аналітыкам Сяргеем Чалым.
Сяргей Чалы: Нельга недаацэньваць тое, што адбываецца. Упершыню прэзідэнт сутыкаецца, фактычна, з фрондай свайго ўраду, які ён жа і прызначыў! І пазіцыя ўрада адназначная: хацець можна ўсё, што заўгодна, але, як казаў у свой час Віктар Чарнамырдзін, дзе возьмеш?! І з боку прэзідэнта падтрымка знаходзіцца толькі ў Сяргея Ткачова, які, фактычна, не можа ўраду запярэчыць…
Еўрарадыё: Але гэта вельмі ўплывовы чалавек.
Сяргей Чалы: Нават на сайце прэзідэнта, у паведамленні пра гэтае пасяджэнне ў Саўміне, Ткачову прыпісана толькі дзве фразы. Пра тое, што трэба ўзмацніць кантроль над коштамі і пра тое, што разлікі ўрада мусяць быць абгрунтаваныя. Карацей, упершыню пасля таго, як прэзідэнт кажа, што ў эканоміцы мусіць быць тое і тое, яму мякка, але ўпэўнена кажуць: не, так не можа быць. А калі зрабіць так, як вы хочаце — будзе яшчэ адзін рукатворны крызіс. Раней жа ўсе адразу бралі пад казырок і ішлі выконваць.
Еўрарадыё: Ці лічыць прэзідэнт неабходным увогуле шукаць падтрымку сваіх рашэнняў?
Сяргей Чалы: Іначай ён рызыкуе аказацца ў сітуацыі “Восені патрыярха”. У адзіноце. Давайце прыгадаем некаторыя яго фразы… На нарадзе ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці, дзе ён упершыню пасля пасяджэння ў Саўміне абрынуўся з крытыкай на “рыначную эканоміку Мясніковіча — Румаса”, ён звяртаецца да прэм’ер-міністра: я разумею, у вашай камандзе шмат маладых людзей, але вы, Міхаіл Уладзіміравіч? Няўжо і вы? І гэта гучыць як “І ты, Брут?” Пасля ён кліча да сябе Надзею Ермакову з дакладам. І Ермакова, на што ўжо правераны шклоўскі кадр, усё роўна абараняе план урада. Нават Андрэй Тур, якога адмыслова адпісалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб хаця б які-небудзь тэарэтычны адпор даць гнязду рыначнай эканомікі і шокавай тэрапіі, у якім “заселі” Мясніковіч і Румас, усё пасяджэнне прасядзеў на прэзідэнцкім баку стала моўчкі, ні слова не сказаў. Нарэшце, зварот да навуковай грамадскасці: хлопцы, ну а вы-та чаго маўчыце? Ну скажыце мне, што тое, чаго я хачу, магчыма! А адказу няма.
Еўрарадыё: Наколькі істотны “разварот”, на які падштурхоўваюць прэзідэнта “рыначнікі”?
Сяргей Чалы: Зараз, па сутнасці, вырашаецца ўсё. З аднаго боку, людзі, якія сцвярджаюць, што ўсё, што мы дагэтуль рабілі, правільна, а ўсе праблемы ў нас ад таго, што мы ўпусцілі рычагі адміністратыўнага кантролю. З іншага, тыя, хто заклікае выкінуць на сметнік “унікальную” беларускую эканамічную мадэль, працаздольнасць якой мы 15 гадоў спрабавалі даказаць усяму свету. Не, гэтая мадэль, натуральна, можа працаваць, пакуль увесь астатні свет гатовы фінансаваць яе існаванне. Як толькі гэтае жаданне знікае — знікаюць і магчымасці для функцыянавання гэтай мадэлі.
Еўрарадыё: Наколькі балючым для Беларусі будзе развітанне з “беларускім цудам”?
Сяргей Чалы: Зместам 2012 года мусіць стаць дэмантаж вось гэтай “унікальнай” мадэлі, калі мы вынаходзілі ровар і ўсяму свету даказвалі, што немагчымае магчыма. Мы мусім вярнуцца да таго, што працуе ва ўсіх астатніх эканоміках. Але гэта працэс вельмі няпросты. Бо проста выйсці і сказаць: будавалі мы будавалі, але не дабудавалі, і цяпер усё разбураецца, немагчыма. З аднаго боку, трэба вельмі павольна і акуратна мяняць рыторыку. З іншага, усё ж такі, паступова адмаўляцца ад веры ў цуды і атрымліваць, як кажа наш урад, падставы для ўстойлівага росту.
Еўрарадыё: А тое, што мы дамовіліся на танны газ з Расіяй, не развязвае рукі “кансерватарам” з Адміністрацыі прэзідэнта? Бо, калі аглядацца назад, “беларускі цуд” апошнія 10 гадоў трымаўся якраз на датацыях з Усходу!
Сяргей Чалы: Калі глядзець, якая велічыня знешняга фінансавання патрэбная была б на гэты год, калі б не дэвальвацыя, — гэта 8-10 мільярдаў долараў. А профіт ад газавага пагаднення складае каля 2 мільярдаў долараў. Адпаведна, вярнуцца да старых практык не атрымаецца. Усё роўна гэта нават не палова ад таго, што нам было патрэбна.
Еўрарадыё: Але гэтыя грошы могуць стаць своеасаблівай падушкай бяспекі?
Сяргей Чалы: Без сумневаў. На той самай чацвёртай нарадзе ў Саўміне прыкладна разлічваліся валютныя паступленні, на якія можа разлічваць Беларусь у наступным годзе, і адтокі з золатавалютных рэзерваў. Прыкладна 1,5-1,7 мільярда долараў закладаліся ў якасці інтэграцыйнай зніжкі на газ. Прыкладна 1,6 мільярда долараў — гэта адтокі на абслугоўванне знешняй пазыкі. Па плане, $2,5 мільярда — крэдыт ад ЕўрАзЭС па матрыцы. І прыкладна 1-1,5 мільярда долараў — паступленні ад замежных інвестыцый. Гэта рэалістычная лічба, бо ўсе папярэднія гады прыкладна столькі і было. І калі на гэты год планавалі 6,5 мільярда інвестыцый, было адразу зразумела, што гэты план не выканаюць. У выніку, атрымліваецца, што ЗВР нават вырастаюць. Але вельмі нязначна.
Еўрарадыё: Раней 10 мільярдаў долараў за год нам было трэба, каб падтрымліваць курс у 3 тысячы рублёў за долар. Але цяпер курс у нас ужо далёка не 3 тысячы. Улічваючы трохразовую дэвальвацыю, можа, і рэзерваў нам цяпер трэба менш?
Сяргей Чалы: Тэарэтычна, для плаваючага курса рэзервы ўвогуле не патрэбныя. Але ёсць яшчэ адзін паказчык дастатковасці ЗВР. Вельмі ўмоўны, але… Своеасаблівая падушка бяспекі на выпадак знешніх страсенняў. Гэта велічыня трохмесячнага імпарту. І нам, каб забяспечыць яе, трэба яшчэ прыкладна 5 мільярдаў долараў знайсці.
Еўрарадыё: Добра, давай ад таго, што ёсць пераходзіць да таго, што можа быць. Якія варыянты развіцця падзей на 2012 год прапанаваў Адміністрацыі прэзідэнта ўрад Міхаіла Мясніковіча?
Сяргей Чалы: Сёння ў нас ёсць вельмі простае вакно магчымасцяў. Простае — таму, што межы нашых магчымасцяў добра зразумелыя. Больш фінансаваць такі дэфіцыт знешнегандлёвага балансу мы сабе дазволіць не можам. Кіруючыся гэтым, урад падрыхтаваў 4 магчымыя сцэнарыі развіцця падзей. Бо, калі ў знешнім сектары, з пункту гледжання валютнай палітыкі, раўнавага ўжо знойдзеная, дык унутры — яшчэ не. І цяпер прыярытэтная мэта — гэта балансаванне эканомікі ўнутры краіны.
Еўрарадыё: А прыярытэтная задача тут — барацьба з інфляцыяй?
Сяргей Чалы: Так. Першы план якраз і прадугледжвае сапраўдную барацьбу з інфляцыяй. Інфляцыя па годзе плануецца 12%, то бок менш за 1% за месяц. Гэта азначае адсутнасць эмісійнага крэдытавання. І, як вынік, абмежаваную грашовую прапанову і высокія працэнтныя стаўкі. Гэта, хутчэй за ўсё, вылілася б у эканамічны спад у межах 5% валавага ўнутранага прадукту. Мінус. Што, у прынцыпе, было б нармальнай платай за папярэднія незаслужаныя тэмпы росту.
Еўрарадыё: Думаю, што ўрад і не спадзяваўся на тое, што варыянт з адмоўным ВУП пройдзе.
Сяргей Чалы: Другі варыянт быў не такі бязлітасны. Маўляў, давайце паспрабуем зрабіць так, каб і з інфляцыяй пазмагацца, і эканамічнага спаду не атрымаць. Інфляцыя ў гэтым выпадку прагназавалася на ўзроўні 19%. Рост ВУП — 0,5%. Рэальныя прыбыткі насельніцтва — на ранейшым узроўні. Гэта дасягалася коштам 7 трыльёнаў рублёў эмісійнага крэдытавання. Што праўда, не зусім эмісійнага. Каб было зразумела: раней фінансаванне дзяржпраграм адбывалася па запатрабаваннях. Па міністэрствах і ведамствах збіраліся заяўкі, і ўсё гэта ішло на зацвярджэнне. Дык вось, па запатрабаваннях у нас на наступны год атрымлівалася 36 трыльёнаў. Засталося 12 трыльёнаў — гэта вельмі істотна скарацілі “хацелкі” розных міністэрстваў, ведамстваў, прадпрыемстваў і асабліва ў сельскай гаспадарцы. Утрая іх зрэзалі. Дык вось, 7 трыльёнаў з 12 — гэта так званыя грошы Мінфіна на рахунках у Нацыянальным банку. Гэта амаль эмісійны механізм, але не зусім.
Еўрарадыё: Чым пагражае беларусам большая інфляцыя?
Сяргей Чалы: Трэці варыянт — гэта інфляцыя не 19%, а 25%. Тэмпы росту ВУП пры гэтым — прыкладна 1,5%. А вось рэальныя прыбыткі насельніцтва ідуць уніз, іх з’ядае інфляцыя.
І чацверты варыянт, які падчас прэзентацыі быў адмыслова абведзены чорным. Гэта дасягненне стандартных 7-7,5% росту ВУП за кошт эмісійнага фінансавання напоўніцу. Пры гэтым інфляцыя вылятае за 200%, курс долара вылятае за 22 тысячы, а падлічыць рэальныя прыбыткі насельніцтва, як сказалі ў Міністэрстве эканомікі, увогуле немагчыма.
Еўрарадыё: Але, нягледзячы на знішчальную крытыку ўрада з боку прэзідэнта, супрацьстаянне паміж “кансерватарамі” і “рыначнікамі” дагэтуль не скончанае?
Сяргей Чалы: Падсумоўваючы вынікі пасяджэння ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці, Аляксандр Лукашэнка адназначна сказаў: вы мусіце сыходзіць з росту ВУП на 5%. Але днямі, сустракаючыся з навуковай грамадскасцю, ён сказаў ужо іншую рэч. Маўляў, у нас пакуль што ідуць спрэчкі, 1,5% ці 5%. То бок, ён фактычна прызнаў, што пытанне яшчэ не закрытае, і ўрад працягвае ўпірацца.
Еўрарадыё: “Рыначнікі” Мясніковіч і Румас знайшлі пяты варыянт?
Сяргей Чалы: У новым плане замест 19% інфляцыі з’явіўся калідор у 19-22%. Гэта ўжо агучылі і Мясніковіч, і Харкавец, і Ермакова. Здавалася б, змена неістотная. Але гэта вельмі небяспечна.
2012 год будзе годам, калі “Беларускі эканамічны цуд” сыдзе ў нябыт. Прычым, на думку Сяргея Чалага, ад таго, ці зможа ўрад Міхаіла Мясніковіча адстаяць сваю пазіцыю перад Адміністрацыяй прэзідэнта, залежыць толькі тое, наколькі балючым атрымаецца развітанне з ім для беларускага грамадства.
Інтэрв'ю зробленае для праграмы "Форум Беларусь"на Еўрарадыё.
Нас
можна слухаць у Брэсце на хвалях польскага "Radio dla Ciebie" 103,4 FM у
суботу з 6 да 7 раніцы. 24 гадзіны на УКХ у Глыбокім, Паставах, Відзах і
Міёрах на частаце 68,24 МГц. У Пінску на хвалях украінскага радыё
"Мелодыя" 105,3 і 107,1 FM, а таксама праз спадарожнік HOTBIRD 6—13° на
ўсход, частата 11200 МГц, вертыкальная палярызацыя, хуткасць патоку
27500 Ms/s, карэкцыя памылкі (FEC) 5/6. ASTRA 4A—4,8° на ўсход, частата
12379.62 МГц, гарызантальная палярызацыя, хуткасць патока 27500 Ms/s,
карэкцыя памылкі (FEC) 3/4.