ДАІ палюе на налепкі з нацыянальнай сімволікай?

Даволі часта можна ўбачыць машыны, упрыгожаныя самымі рознымі налепкамі. Ад жаночага абцасіка, які сведчыць, што за рулём дзяўчына, да выразаў жартоўнага зместу. І не заўважна, каб супрацоўнікі ДАІ асабліва звярталі на гэта ўвагу.

А вось муж Вольгі (імя змененае) вырашыў прыляпіць на сямейнае аўто бел-чырвона-белы сцяжок з "Пагоняй". Рэакцыя на з’яўленне на вуліцах сталіцы машыны, упрыгожанай такім чынам, была імгненнай.

Дзяўчына распавяла Еўрарадыё, што каля 19:30 ёй патэлефанавалі на мабільны з гарадскога ДАІ і запыталіся, хто 10 хвілінаў таму быў за рулём яе машыны на Гарадскім вале. А пасля настойліва прапанавалі прыехаць да іх для афармлення правапарушэння.

Тое, што ўпрыгожваць сваё аўто рознымі налепкамі забаронена, пацвердзіў і былы супрацоўнік прэс-службы ДАІ Мінгарвыканкама, а зараз — выкладчык Акадэміі МУС Юрый Красноў.

Юрый Красноў: “Згодна з Правіламі дарожнага руху, гэта забаронена. А згодна з Кодэксам [Адміністрацыйным. — Заўв. Еўрарадыё] вас могуць аштрафаваць. На аўтамабілі дазваляецца толькі налепка BY, калі нумар стары. Або, калі аўтамабілем кіруе той, у каго стаж меншы за два гады, у яго павінна быць налепка ў выглядзе знака “70” — абмежаванне хуткасці. Або калі на аўтамабілі стаяць шыпаваныя гумы, павінен быць знак “Шыпы”. Толькі тое, што прадугледжана ПДР, можна клеіць. Усё астатняе — нельга”.

Вольга расказала, што спецыяльна пасля званка супрацоўніка ДАІ “прагугліла” правапарушэнне, за якое яе хочуць пакараць. Вынік не суцяшальны.

Вольга: “Там папярэджанне можа быць, а можа быць штраф да двух базавых”.

А гэта — 70 тысяч рублёў. Вось толькі ўзнікае пытанне, чаму супрацоўнікі ДАІ не папаўняюць бюджэт за кошт тых, хто ўпрыгожвае сваё аўто налепкамі з абцасікамі, сабачкамі ў цікавых позах ці жартаўлівымі выразамі? Вольга лічыць, што ўвага інспектараў залежыць ад “зместу” налепкі.

Вольга: “Зразумела, што за ўсялякія “абцасікі” і “дзіцё ў салоне” яны не будуць чапаць”.

А Юрый Красноў лічыць, што сталічная ДАІ сама падштурхоўвае кіроўцаў да парушэння правілаў у тым, што датычыцца налепак на аўтамабілі. Паводле яго словаў, у 2011 годзе Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць праграму “Узаемаразуменне”. І ў яе межах клеіць на свае аўто і раздае простым аўтааматарам налепкі з лагатыпам праграмы і яе лозунгамі ды заклікамі.

Юрый Красноў: “Згодна з ПДР, гэтыя налепкі з’яўляюцца такім жа парушэннем, як і ўсе астатнія налепкі, якія клеяць людзі. “Я — крэветка”, напрыклад. Або: “Калі не можаш абагнаць — пераскачы!”. Сітуацыя атрымліваецца наступная: ДАІ ў межах правядзення праграмы можна клеіць не прадугледжаныя ПДР налепкі, а простым людзям — нельга”.

Акцыя ДАІ накіраваная на тое, каб кіроўцы знаходзілі паразуменне на дарозе, не “падразалі” адзін аднога, не абражалі, не парушалі Правілы дарожнага руху ўвогуле. На думку Краснова, “злосна” сябе паводзяць на дарозе найперш кіроўцы з дрэнным настроем. А розныя вясёлыя налепкі акурат могуць настрой кіроўцы палепшыць і прымусіць з большым “узаемаразуменнем” ставіцца да тых, хто едзе побач.

І даў цікавую параду ўладальніку аўто з нацыянальна свядомай налепкай.

Юрый Красноў: “Няхай скажа: “А вось я чуў, што ДАІ праводзіць праграму “Узаемаразуменне” ў краіне. Дык вось, я хачу вам дапамагчы: наклеіў налепку, каб падвышаць настрой ва ўдзельнікаў дарожнага руху”. І я думаю, што яго не аштрафуюць”.

Праўда, Вольга лічыць магчымасць такога развіцця падзеяў малаверагоднай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі