Дзе будуць захоўвацца адкіды ад беларускай АЭС, вызначыць асобны дакумент
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік дэпартаменту па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Мікалай Груша.
Расія і Беларусь ратыфікавалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС на тэрыторыі Беларусі. Але там няма ні слова пра адкіды.
Пытанне адкідаў будзе рэгулявацца асобным дакументам, тлумачыць Мікалай Груша. І гэта — справа выключна Беларусі.
Мікалай Груша: “Адкіды — гэта справа заказчыка. Ён будзе сам вызначаць, што рабіць далей з радыеактыўнымі адкідамі. Гэта не расійскага боку праблема. Гэта праблема заказчыка, а не таго, хто будуе АЭС”.
Згодна са словамі Мікалая Грушы, умовы захоўвання і перапрацоўкі радыеактыўных адкідаў вызначаць пазней, перад падпісаннем генеральнага кантракта. Адзінае, што вернецца ў Расію, — адпрацаванае паліва.
“Адпрацаванае ў рэактарах энергаблокаў АЭС ядзернае паліва, якое набылі ў расійскіх выконваючых арганізацый, належыць вяртанню ў Расійскую Федэрацыю для перапрацоўкі на ўмовах, якія вызначаюць бакі ў асобнай дамове”, — гаворыцца ў пагадненні.