Дзеля аўтографа Амбразіні фанат “Мілана” начаваў ля мінскага гатэля
Расчулены капітан паабяцаў Еўрарадыё, што за недарэчнасць у аэрапорце “Мілан” перадасць заўзятарам майкі і клубныя сувеніры.
Пасля матчу ў Мінску капітан “Мілана” Масіма Амбразіні зноў папрасіў прабачэння за тое, што каманда не выйшла да сваіх фанатаў у аэрапорце. І паабяцаў перадаць заўзятарам майкі і клубныя сувеніры.
“Мне вельмі шкада, што так атрымалася ў аэрапорце. Была нейкая праблема з паліцыяй, – тлумачыць Еўрарадыё інцыдэнт Масіма Амбразіні. – Але ж мы перадаём вялікае прывітанне ўсім тым дзецям і нашым заўзятарам, якія прыехалі павітаць нас. Мне вельмі шкада. І ўся каманда перадае сардэчныя прывітанні ўсім ім. Мы перададзім ім клубныя сувеніры і майкі, каб папрасіць прабачэння за гэтую недарэчнасць”.
Як даведалася Еўрарадыё, адзін з фанатаў клуба, які не здолеў сустрэць каманду ў аэрапорце, правёў усю ноч каля гатэля, каб атрымаць аўтограф Амбразіні. Капітан “Мілана”, даведаўшыся пра гэта, выйшаў да заўзятара і сфатаграфаваўся з ім.
Нагадаем, барысаўскі БАТЭ здолеў сыграць на роўных з сусветным грандам і дабіцца нічыёй – 1:1. Тым самым беларусы палепшылі сваю пазіцыю адносна чэшскай “Вікторыі” і папоўнілі бюджэт на 400 тысяч еўра. Калі футбалісты БАТЭ задаволеныя вынікам, то “міланцы” паехалі дадому расчараваныя.
“Мы спадзяваліся і хацелі перамагчы. І ў першым тайме у нас былі магчымасці, каб забіць больш за адзін гол. Але БАТЭ былі малайцамі ў тым, што ў другім тайме змаглі знайсці гэтую “нічыю” і давесці яе да выканання”, – дзеліцца ўражаннямі Амбразіні.
На думку капітана італьянцаў, у другім тайме БАТЭ маглі забіць яшчэ як мінімум два галы.
Масіма Амбразіні: “Два разы яны вельмі наблізіліся да таго, каб зрабіць лік 2:1. Гэта каманда, якая шмат бегае, малайцы”.
Не хавае свайго расчаравання і паўабаронца “Мілана” Альберта Аквілані:
Альберта Аквілані: “Натуральна, мы прыехалі сюды каб перамагчы і каб “зрабіць” гульню. Але футбалісты БАТЭ зраўнялі лік і паставілі нас у цяжкае становішча. Для нас гэта два згубленыя ачкі. Таму што мы павінны былі прыехаць сюды і перамагчы. Але не змаглі гэтага зрабіць. Шкада”.
Нагадаем, наступны матч для БАТЭ стане, бадай, самым важным. 23 лістапада на сталічным стадыёне “Дынама” барысаўчане згуляюць з чэшскай “Вікторыяй”. У гэтай гульні камандзе Віктара Ганчарэнкі неабходная перамога або нічыя.
Еўрарадыё абвяшчае конкурс на лепшы фотаздымак з зоркамі футбола. Вашы фота дасылайце нам на пошту [email protected]